Шырокі фармат – большыя магчымасці

Грамадства Свежыя навіны

25 красавіка ў фармаце кірмашу вакансій “Знойдзем работу разам” у Беларусі прайшоў Адзіны дзень занятасці.

Дзятлаўшчына актыўна ўключылася ў агульнарэспубліканскае мерапрыемства. У райцэнтры кірмаш вакансій заклікаў беспрацоўных грамадзян і грамадзян, якія шукаюць работу, на сустрэчу з наймальнікамі і спецыялістамі-кансультантамі.

Усяго ў кірмашы паўдзельнічалі 14 буйных наймальнікаў раёна, а таксама спецыялісты інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Дзятлаўскім раёне, раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, якія кансультавалі грамадзян па актуальных пытаннях.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, звяртаючыся да наймальнікаў на пачатку сустрэчы, зазначыла:

– Безумоўна, галоўная мэта сённяшняга мерапрыемства – працаўладкаванне грамадзян, аднак кірмаш вакансій – гэта яшчэ і магчымасць больш цеснага супрацоўніцтва з установамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі раёна. Для прадстаўнікоў наймальнікаў мы падрыхтавалі буклеты, якія падрабязна раскажуць аб дзейнасці нашай службы. Напрыклад, мы можам кампенсаваць наймальніку затраты, калі служба занятасці працаўладкоўвае работніка з мэтай набыцця вопыту практычнай дзейнасці. У нарматыўных дакументах прапісана і такое паняцце, як адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці (для інвалідаў з праграмай рэабілітацыі). У гэтым выпадку мы поўнасцю кампенсуем наймальніку затраты на аплату працы чалавека. Больш падрабязную інфармацыю або кансультацыю можаце атрымаць у нашых спецыялістаў па тэлефонах, пазначаных у буклетах.

Наконт магчымай самазанятасці наведвальнікі кірмашу вакансій пагутараць з прадстаўніком інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Дзятлаўскім раёне. Аб сітуацыі на рынку працы, актуальных вакансіях, паслугах службы занятасці – даведаюцца ў спецыяліста ўпраўлення.

25 красавіка кірмаш вакансій у Дзятлаве наведалі 22 беспрацоўныя жыхары нашага раёна, адзін чалавек прыйшоў даведацца аб магчымасці памяняць работу. Усе наведвальнікі мерапрыемства змаглі пагутарыць з наймальнікамі, прагледзець спісы вакансій, атрымаць індывідуальную кансультацыю ў спецыяліста службы занятасці. 16 саіскальнікам была прапанавана работа, некаторым з іх паступіла па некалькі прапановаў на выбар, двух чалавек заклікалі прайсці перанавучанне, трох пракансультавалі наконт самазанятасці.

Дзятлаўчане падзяліліся ўражаннямі ад агульнарэспубліканскага мерапрыемства.

Антон Пяцюк, беспрацоўны жыхар Дзятлава:

– Восем месяцаў працаваў у гаспадарцы жывёлаводам, нядаўна давялося звольніцца. Патрэбна хоць якая-небудзь работа. Бачыў аб’яву, што людзей шукаюць на пілараму ў Дварцы, але дабірацца няма чым. Самому знайсці месца складана, бо ўзрост ўжо за пяцьдзясят гадоў, вось і прыйшоў сюды. Прапанавалі ўладкоўвацца ў Агражалезабетон у Ахонаве, абяцаюць падвоз, далі кантакты наймальніка. Буду тэлефанаваць, а калі не возьмуць – зноў звярнуся ў службу занятасці па дапамогу.

Вольга Паўлусенка, беспрацоўная жыхарка вёскі Савічы:

– Пра кірмаш вакансій прачытала ў газеце “Перамога” і прыехала. Лёс склаўся так, што засталася без спецыяльнасці, маю толькі пасведчанне аб сярэдняй адукацыі. Гадую двух маленькіх дзяцей. У маі скончыцца водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, праходзім медкамісію, каб пайсці ў садок. Яго наведвае і старэйшае дзіця. Сёння шукала вакансію прыбіральшчыцы. Атрымала прапанову, аднак не задаволіў графік: не паспею адводзіць і забіраць з садка дзетак. Параілі зарэгістравацца ў службе занятасці, дачакацца лепшай прапановы. Калі дзеці падрастуць, абавязкова збіраюся вывучыцца на будаўнічую спецыяльнасць, аб чым даўно марыла.

Ірына Гоман, спецыяліст па кадрах КСУП “Хвінявічы”:

– У падобных мерапрымствах як прадстаўнік наймальніка ўдзельнічаю не першы раз. Найчасцей людзі жадаюць працаўладкавацца вартаўнікамі. Гаспадарцы ж (і не толькі нашай) патрэбны спецыялісты інжынернай, заатэхнічнай службаў, ветэрынары, трактарысты. На жаль, маладых спецыялістаў-юнакоў, якія да нас прыходзяць, праз месяц-другі забіраюць у армію. У час сённяшняй сустрэчы да мяне звярнуўся толькі чалавек, які жадае працаваць рабочым па абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, чакаем яго на кансультацыю да дырэктара нашай гаспадаркі.

Ірына СТЫРНІК



Теги: