На Кургане Славы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На Беларусі многа месцаў, якія да сённяшніх дзён захоўваюць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Ёсць і такія, якія павінен наведаць кожны беларус. Адным з іх з’яўляецца Курган Славы.

Група навучэнцаў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы на вясновых канікулах адправілася на экскурсію ў горад-герой Мінск і наведала Курган Славы. У групу ўвайшлі вучні, якія цікавяцца гісторыяй і культурай роднага краю. Дзеці даведаліся, што дадзены мемарыяльны комплекс размяшчаецца за горадам. Агульная вышыня кургана складае амаль 71 метр, а дыяметр асновы — каля 100 метраў. Вышыня землянога пагорка — 35 метраў. Пагорак круты і высокі. Падымацца прыйшлося па прыступках, якіх навучэнцы налічылі — 241. Панарама, што адкрылася перад вачыма дзяцей, захапіла кожнага. Нават не верыцца, што сабраны гэты курган па крупінках чалавечымі рукамі ў памяць пра мінулае ваенных гадоў.

Экскурсанты даведаліся, што Курган Славы ўзведзены ў тых месцах, дзе ў ліпені 1944 года Чырвоная Армія ў ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” акружыла 105-тысячную групоўку нямецкіх войскаў. 11 ліпеня быў завершаны разгром гэтай групоўкі, а дадзены эпізод у гісторыі атрымаў назву “Мінскі кацёл”. Іменна гэтая перамога пад Мінскам стала рашаючай падзеяй у вызваленні Беларусі.

Найбольш цікавай часткай экскурсіі стаў агляд ваеннай тэхнікі: кулямётаў і танкаў, самалётаў.

Узыходжанне на Курган Славы – гэта не проста пераадоленне перашкод, гэта спосаб ушанаваць памяць сваіх родных і блізкіх, тых людзей, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сімвал міру і адвагі. Гэта месца, гісторыю якога павінен ведаць кожны.

Жанна БУДЗЕВІЧ,
намеснік дырэктара Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы



Теги: