Шчаслівыя ноткі сакавіка

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня прайшла ўрачыстая сустрэча ўдзельніц раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

На гэты раз гасцей прымала пярвічная арганізацыя жансавета сярэдняй школы №3 горада Дзятлава на чале са старшынёй Ларысай Жэгалік.

Гаспадары пляцоўкі падрыхтавалі для гасцей цікавую святочную праграму з выступленнем навучэнцаў установы і вакальна-інструментальнага ансамбля “Арэал” пад кіраўніцтвам Валянціна Палухіна. Юныя таленты здзіўлялі ўдзельніц раённай жаночай арганізацыі вершамі і песнямі. Нотку гумару ў праграму ўрачыстасці дадала жартоўная калекцыя моднага адзення і віктарына “Якой павінна быць супердзяўчына?”.

У цёплай сяброўскай атмасферы ўдзельніцы жансавета абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў. Да актывістак жаночага руху звярнулася старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Жадзейка. Яна заклікала пярвічныя арганізацыі больш актыўна ўдзельнічаць у творчых конкурсах, акцыях і праектах Беларускага саюза жанчын, сярод якіх акцыі “Дзякуй вам, таты”, “Гаворым на роднай мове”, “Здароўе жанчыны – здароўе нацыі”, “Беларусь памятае. Жаночы твар Перамогі”, праект “Патрыятычныя экскурсіі”. Гродзенская раённая арганізацыя таксама заклікае арганізацыі раёнаў да ўдзелу ў восьмай рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Захаванне памяці аб малой радзіме праз лёсы простых людзей”, прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Гродзенскай вобласці. У жанчын-актывістак нашага раёна ёсць напрацоўкі ў гэтым накірунку.

Алена Іванаўна падзякавала за работу пярвічным арганізацыям БСЖ Данілавіцкага і Наваельнянскага сельвыканкамаў, Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Дарэчы, на абласны этап конкурсу “Жанчына года” ў намінацыі “За вернасць Беларускаму саюзу жанчн” выйшла дырэктар Вензавецкай школы-сада, удзельніца пярвічкі Ганна Франюк, а мабільную агітацыйную групу (МАГ) вензавецкіх жанчын-актывістак выдатна ведаюць не толькі на Дзятлаўшчыне, але і ў вобласці. Напрыканцы свайго выступлення Алена Жадзейка зазначыла, што ў нашым раёне шмат дастойных прадстаўніц жансавета, ім варта актыўней дзяліцца творчым вопытам і дасягенннямі.

Намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Таццяна Нікіпорчык расказала аб магчымасцях прыцягнення фінансавання з-за мяжы на сацыяльна занчныя праекты раёна.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўшанаванне жанчын да 8 Сакавіка, усе прысутныя з дапамогай бяспроігрышнай латарэі атрымалі памятныя падарункі ад жансавета.

Ірына КАЎКЕЛЬ