Правілы гаспадарчага падыходу

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Кожны новы дзень сакавіка набліжае работнікаў сельскагаспадарчай сферы да пачатку веснавых палявых работ.

У некаторых гаспадарках раёна ўжо пачалася праца па ўнясенні мінеральных ўгнаенняў, ажыццяўляецца падсеў шматгадовых траў.

Так, у раёне сёлета плануецца ўнесці мініральных угнаенняў пад шматгадовыя травы на плошчы 7560 гектараў, 12579 гектараў сенакосаў і пашаў, падсеў шматгадовых траў плануецца ажыццявіць на плошчы 3470 гектараў.

У КСУП “Дварэц-Агра” гэтаму працэсу ўдзяляюць максімум увагі.

– Падрыхтоўка да веснавых палявых работ  ідзе поўным ходам. За кожным работнікам замацавана сельскагастэхніка, за якую ён адказвае. Кожны ведае сваю справу, усе заданні выконваюцца якасна і своечасова, каб пасля не ўзнікала заўваг, – расказвае дырэктар КСУП “Дварэц-Агра” Дзмітрый Каско. – На каманду, якая займаецца рамонтам тэхнікі у нашай гаспадарцы, заўсёды можна спадзявацца. Усяго ў распараджэнні гаспадаркі знаходзіцца шэсць трактароў, з якіх пяць  ужо гатовыя да пасяўной. Што датычыць глебаапрацоўчай тэхнікі, то рыхтуюцца да выхаду на палеткі культыватары, пасяўныя агрэгаты, раскідвальнік арганічных угнаенняў, рассейвальнік мінеральных угнаенняў, ідзе падрыхтоўка трактароў да тэхагляду. Тэхніку, па магчымасці, стараемся адрамантаваць сваімі сіламі.

На палетках сельгаспрадпрыемства між тым працягваюцца работы па закрыцці вільгаці, угнаенні глебы, працягваецца падкормка мінеральнымі ўдабрэннямі сенакосаў, пашаў, ажыццяўляецца вываз арганічных удабрэнняў. І, безумоўна, ідзе актыўная падрыхтоўка да сяўбы: ад таго, наколькі якасна яна будзе  праведзена, у многім залежыць і поспех усіх астатніх аграрных этапаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ