Дэпутат правёў прыём у Гезгалах

Галоўнае Свежыя навіны Улада

20 сакавіка 2019 года ў аграгарадку Гезгалы прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Дзятлаўскай выбарчай акрузе №56 Валянцін Міхневіч.

Валянціну Уладзіміравічу паступіла сем заявак, некаторыя з якіх уключалі адразу некалькі пытанняў. Для іх аператыўнага разгляду дэпутат у час прыёму звязваўся па тэлефоне з кіраўнікамі розных арганізацый раёна, таму на шэраг пытанняў заяўнікі атрымлівалі хуткія тлумачэнні.

Большасць праблем, з якімі звярталіся людзі, тычылася жыллёва-камунальнай сферы. Сярод іх: аплата паслугаў, адлоў бадзячых жывёлін, няякаснае выкананне капрамонта, пабудова дзіцячых пляцовак, рамонт вуліц. Таксама многіх жыхароў аграгарадка хвалявалі работа і стан аб’ектаў сацыяльнай сферы, медыцынскае абслугоўванне, добраўпарадкаванне, чысціня.

Напрыклад, людзі прасілі перанесці аптэку з паўпадвальнага памяшкання ў больш дасціпнае для пажылых грамадзян. На што старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, адказаў, што гэта пытанне ўжо разглядалася на ўзроўні раёна, у далейшым запланаваны перанос Гезгалаўскай амбулаторыі і аптэкі ў будынак былога сельвыканкама.

Не менш актуальная праблема для Гезгалаў – транспартныя зносіны, бо ні адзін з міжгародніх аўтобусаў не заязджае ў аграгарадок, хаця тут ёсць добраўпарадкаваны прыпынак. Ісці да шашы, дзе спыняецца міжгародні транспарт, даволі далёка. Дэпутат паабяцаў узяць пытанне на асабісты кантроль і звярнуцца да кіраўніка Лідскага аўтапарка.

Таксама жыхары прасілі больш дэталёва вывучыць пытанне з закрыццём актавай залы ў мясцовым доме культуры, якое адбылося ў мэтах бяспекі, паколькі над залай працякае дах. Людзям паабяцалі разабрацца ў сітуацыі.

Гезгальцаў парадавала навіна, што ў аграгарадку да лета адкрыецца пакой прыёму грамадзян участковым інспектарам міліцыі. Гэта вельмі важна для населенага пункта, дзе жывуць 1300 чалавек і нямала асобаў асацыяльных паводзінаў.

Яшчэ два пытанні заяўнікоў тычыліся сацыяльнай сферы: пенсійнага забеспячэння і аднаўлення па месцы вучобы юнага жыхара раёна.

У дэпутата і грамадзян, якія пабылі на прыёме, атрымаўся канструкцыйны дыялог. Шэраг пытанняў накіраваны для разгляду ў адпаведныя структуры, некаторыя былі патлумачаны ў час размовы, іншыя – узятыя на дэпутацкі кантроль. Ні адна з праблем не засталася па-за ўвагай.

Ірына СТЫРНІК