Зорачка маёра Мацюкевіча

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Многія задачы, якія стаялі ў Афганістане перад савецкімі войскамі, былі міратворчымі.

Нашы вайскоўцы дапамагалі простаму народу ў гарнізонах, гарадах, будавалі дарогі, аднаўлялі школы, фабрыкі. А колькі па медыцыне дапамагалі! Начальнікам медыцынскага аддзела батальёна сувязі, напрыклад, быў 25-гадовы маёр медыцынскай службы Уладзімір Мацюкевіч.

– Вядома, жадаючых ехаць у Афганістан было мала, але калі адмаўляешся –звальненне з войска. А я тады, лічы, толькі пагоны надзеў, зусім няшмат адслужыў, не хацелася гэта губляць, – расказвае мне ўжо не юнак, а мужчына з сівізной у валасах. Расказвае з нейкім унутранай болем, з сумам у вачах. Яму давялося перажыць тое, што не хочацца жадаць нават ворагу, а варушыць мінулае – значыць, зноў выклікаць непрыемныя пачуцці і боль на душы.

Уладзімір Мацюкевіч нарадзіўся ў вяснова-зімовым сакавіку. Снегу на вуліцы было вельмі шмат, і перамяшчацца было складана. На апошнім тэрміне цяжарнасці мама Уладзіміра жыла ў бацькоў у Савічах. Калі прыйшоў час з’явіцца на свет новаму члену сям’і, дзед Уладзіміра запрог каня і павёз дачку ў Дзятлаўскі радзільны дом.

– Цяпер гэта стары закінуты двухпавярховы будынак, дзе падчас Шведскай вайны начаваў Пётр I, – удакладняе маёр. Ён ведае гісторыю, хронікі ваенных падзей, таму што сам пайшоў па ваенным шляху.

Але ўсё магло быць па-іншаму. Дзед даваў параду пайсці ў медыцыну. Раіў пераканаўча, таму ўнук паступіў у Гродзенскі медінстытут.

Пакуль хлопец вучыўся, у сям’і адбыліся сур’ёзныя змены. Памёр бацька. Маці было складана цягнуць усё ў адзіночку, і Уладзімір прыняў для сябе рашэнне палегчыць ёй клопат пра сям’ю. На апошніх курсах будучы лекар перавёўся ў Куйбышаў на ваенна-медыцынскі факультэт: там і стыпендыі былі ў два разы больш, і ваенную форму выдавалі, ды яшчэ і кармілі бясплатна раз у дзень. Атрымалася, што Уладзімір стаў не проста доктарам, а ваенным доктарам. І гэта яму падабалася.

Усё складалася добра. Пасля заканчэння вучобы Уладзімір Мацюкевіч адправіўся служыць ва Уральскую акругу, пасля гэтага – у Туркестанскую. А далей – туды, пра што так складана яму гаварыць. Афганістан.

У адной з самых неспасціжных краін цэнтральнаазіяцкага рэгіёна маладому хлопцу адаптавацца было няпроста. На яго вачах паміралі людзі, і не толькі чужыя.

– Я пахаваў дваіх сваіх санінструктараў. Ішоў караван з Пакістана. На ішаках і аслах прывозілі мясцовым зброю. Разведчыкі спрабавалі іх спыняць і ладзілі засады. Адной з такіх засад была распорка – тонкі дрот, які нацягвалі праз дарожку, з гранатай. Выпадкова такі дрот зачапіў санінструктар, і граната ўзарвалася. Хлопец атрымаў асколак у спіну. Адразу загінуў.

Сітуацыя, якая распальвалася ці то ад пякучага афганскага сонца, ці то ад выбухаў баявых снарадаў, нават не намякала на завяршэнне вайны. Уладзімір Мацюкевіч служыў у Баграме, вучыўся быць стрэсаўстойлівым. Па-іншаму было нельга.

Маёр медслужбы падзяліўся, што галоўнай яго сілай была маладосць. Таксама з ваеннымі пастаянна праводзілі прафілактычныя ідэалагічныя гутаркі, якія ў некаторай ступені дапамагалі трымацца. У працэсе нашай размовы з цяжкіх успамінаў Уладзімір Мацюкевіч неаднойчы намагаўся пераключыцца на пазітыўнае:

– Памяці ўласціва запамінаць добрае. Калі б толькі дрэннае заставалася ўва мне, то хутка б звар’яцеў. Самае прыемнае, што мне запомнілася, –сяброўства. – Голас майго суразмоўцы пры ўспамінах пра дружбу стаў больш гучны, а ў вачах з’явіўся бляск. – У нас не было дзедаўшчыны, старэйшыя дапамагалі малодшым. Толькі вось баязліўцаў не любілі, ім не месца на вайне. А яшчэ я навучыўся вельмі добра разбірацца ў людзях. Бывае, што гады праходзяць, перш чым зразумееш сутнасць чалавека. А ў экстрэмальных сітуацыях чалавек праяўляе сябе такім, які ёсць на самай справе.

Жыццё цікавае невыпадковымі выпадковасцямі. У Баграме маёр Мацюкевіч пазнаёміўся з калегам, які аказаўся родам са Слоніма. Так бывае: жылі за 40 кіламетраў адзін ад аднаго, а пазнаёміліся вельмі далёка ад дома.

– З ім у нас самая моцная дружба, гэтаму навучыў Афган, – з задуменным выглядам прамаўляе Уладзімір Сяргеевіч.

Мой суразмоўца – прыхільнік творчасці Уладзіміра Высоцкага. Песні пра сяброў у творчасці Высоцкага, дарэчы, ёсць. І пра зоркі спяваў. Пра зорку, а дакладней, зорачку, часта згадваў пры нашай размове маёр Мацюкевіч:

– У кожнага чалавека свой лёс. Пакуль зорачка гарыць на небе.

Лёс Уладзіміра Сяргеевіча лёгкім назваць нельга. Служба ў Афганістане прынесла шмат маральных узрушэнняў. Ён прызнаецца, што пасля службы ў Афганістане сон парушыўся, а пакуты людзей да гэтага часу стаяць перад вачыма.

Узгадвае, як спякота летам была ў сярэднім 50 градусаў, і за месяц начмед аддзела батальёна сувязі схуднеў на 18 кілаграмаў. А яшчэ былі частыя землятрасенні.

– Ляжыш, напрыклад, на ложку. Зверху палічка з кнігамі, а потым яна пачынае адыходзіць ад сцяны, кнігі сыплюцца на цябе. А калі ідзеш па зямлі, адчуваеш сябе быццам п’яным, не можаш кантраляваць свой рух. Але потым да ўсяго прывыкаеш. Мне шанцавала, зорачка гарэла, – кажа вайсковы медык.

Зорачка гарэла, але здароўя не дадавала. Ва Уладзіміра пачало сваволіць сэрца. Яго накіравалі на абследаванне ў Кабул і там абвясцілі аб непрыдатнасці да службы ў Афганістане. Прыйшлося з’ехаць на пару месяцаў раней.

Тады пачалася служба ў Баранавічах. Там мой суразмоўца праслужыў амаль 12 гадоў.

Скончылася ваенная дзейнасць Уладзіміра Сяргеевіча на пасадзе начмеда ракетнай брыгады комплексу «Кропка».  У склад гарнізона ўваходзілі 32 часці, і нагрузка была вялікая. Цяпер ён ужо 22 гады на пенсіі. Жыве ў Малдавічах. Займаецца домам, сельскай гаспадаркай.

15 лютага для Уладзіміра Мацюкевіча – асаблівы дзень. Гэта магчымасць сустрэцца з сябрамі і калегамі, пагаварыць пра сям’ю, дзяцей. І ні слова пра вайну. Каму аднойчы давялося трапіць у бязлітаснае жарало Афгана, не любяць успамінаць лакальныя падзеі, якія расцягнуліся на некалькі гадоў. У Дзятлаўскім раёне ёсць некалькі афганскіх пахаванняў, таму традыцыйна ваенныя ездзяць туды ўшанаваць памяць загінулых.

Аднойчы ў гэты памятны дзень пасля сустрэчы з калегамі і сябрамі Уладзімір Мацюкевіч вярнуўся дадому і ўбачыў у двары маленькага сабачку. Магчыма, яго нехта выкінуў, а можа, прыбег сам. Мужчына не змог з ім развітацца, прыкарміў і даў сімвалічную мянушку, якая цяпер заўсёды нагадвае пра нялёгкую службу ў Афганістане, – Баграм.

Юлія БАКУНОВІЧ