Змяненні ў Падатковым кодэксе

Важнае Грамадства Свежыя навіны

З 1 студзеня 2019 года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Падатковага кодэкса. Адбыліся змены ў парадку вылічэння адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў (далей ІП) і іншых фізічных асобаў.

Справаздачным перыядам адзінага падатку для ІП стаў каляндарны квартал, у якім ажыццяўляецца дзейнасць.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, у якіх у 2018 годзе справаздачным перыядам адзінага падатку быў месяц, у першым квартале 2019 года прадастаўляюць падатковыя дэкларацыі па падатку штомесяц за студзень, люты, сакавік не пазней за першае чысло кожнага месяца.

У 2018 годзе пры ажыццяўленні відаў дзейнасці, якія абкладаюцца адзіным падаткам, індывідуальныя прадпрымальнікі не мелі права выкарыстоўваць іншы парадак падаткаабкладання. Выключэнне было ўстаноўлена для ІП, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль пэўнымі таварамі. Такія індывідуальныя прадпрымальнікі выкарыстоўвалі іншыя сістэмы падаткаабкладання пры ўмове, што адзіны падатак за справаздачны перыяд не быў выплачаны. У выпадку выплаты гэтага падатку ІП не маглі перайсці на іншую сістэму падаткаабкладання да канца бягучага падатковага перыяду. Згодна з новай рэдакцыяй кодэкса з 2019 года індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць тыя віды дзейнасці, якія падлягаюць абкладанню адзіным падаткам, маюць права выкарыстоўваць іншы парадак падаткаабкладання.

Калі ж ІП выплацяць адзіны падатак за справаздачны перыяд бягучага падатковага перыяду, то яны абавязаны да заканчэння гэтага падатковага перыяду выкарыстоўваць абраны парадак падаткаабкладання.

У выпадку выплаты адзінага падатку за студзень 2019 года індывідуальныя прадпрымальнікі маюць магчымасць перайсці з 1 студзеня 2019 года на іншы рэжым падаткаабкладання (спрошчаную сістэму падаткаабкладання (далей ССП) або агульны парадак). Так, ІП змогуць перайсці на ССП пры адначасовым выкананні дзвюх умоў. Па-першае, іх валавая выручка за студзень-верасень 2018 года не павінна перавышаць 152000 рублёў, па-другое, апавяшчэнне аб пераходзе на ССП павінна быць прадастаўлена ў інспекцыю па падатках і зборах па месцы пастаноўкі на ўлік не пазней за 31 студзеня 2019 года.

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выплацілі за студзень 2019 года адзіны падатак і перайшлі з 1 студзеня 2019 года на іншы парадак падаткаабкладання, уносяць змены або дапаўненні ў падатковую дэкларацыю па адзіным падатку за студзень або за першы квартал бягучага года не пазней за 31 студзеня 2019 года.

У ранейшай рэдакцыі Падатковага кодэкса быў указаны дыяпазон базавых ставак адзінага падатку для ІП і фізічных асобаў. Мясцовыя Саветы дэпутатаў устанаўлівалі стаўкі за месяц у межах базавых ставак у залежнасці ад відаў дзейнасці, груп тавараў, якія рэалізуюцца, і іншых умоваў.

З 2019 года памер ставак адзінага падатку за месяц для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў устаноўлены Падатковым кодэксам. Абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў прадастаўлена права іх змяншэння, але не больш, чым у 2 разы. У выпадку змены ставак адзінага падатку яны прымяняюцца пры вылічэнні падатку, тэрмін выплаты якога надыходзіць пасля ўступлення ў сілу адпаведных рашэнняў мясцовых органаў улады.

Акрамя таго, устаноўлены асаблівы парадак прымянення ставак пры вылічэнні адзінага падатку на перыяд са студзеня 2019 года па снежань 2020 года. Так, ІП і фізічныя асобы вылічваюць і выплачваюць адзіны падатак за студзень 2019 года па стаўках, устаноўленых рашэннямі мясцовых органаў улады, якія дзейнічалі ў снежні 2018 года. Пры вылічэнні падатку за люты 2019 года – снежань 2020 года прымяняюцца найменшыя стаўкі са ставак, устаноўленых рашэннямі мясцовых органаў улады, якія дзейнічалі ў снежні 2018 года, або са ставак, устаноўленых у адпаведнасці з Падатковым кодэксам-2019. Калі ў снежні 2018 года ў дачыненні да ажыццяўляемага віду дзейнасці стаўкі не былі ўстаноўлены, то адзіны падатак выплачваецца, зыходзячы са ставак, устаноўленых у Падатковым кодэксе-2019.

Унесены дапаўненні і змяненні ў пералік аб’ектаў падаткаабкладання для індывідуальных прадпрымальнікаў. Напрыклад, у лік аб’ектаў падаткаабкладання ўключаны рознічны гандаль наступнымі таварамі:

— адзеннем з натуральнай скуры;

— дыванамі і дывановымі вырабамі;

— складанымі бытавымі электратаварамі (акрамя электрахаладзільнікаў бытавых і маразільнікаў, машын пральных бытавых).

У 2017 годзе для стымулявання дзелавой актыўнасці грамадзян быў прыняты ўказ ад 19 верасня 2017 года №337. Ім пашыраны пералік відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, пры ажыццяўленні якіх фізічныя асобы выплачваюць адзіны падатак.

Згодна з новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса норма ў частцы аб’ектаў падаткаабкладання для фізічных асобаў прыведзена ў адпаведнасць з палажэннямі вышэйзгаданага ўказа. Пералік аб’ектаў падаткаабкладання дапоўнены такімі аб’ектамі, як цырульні і касметычныя паслугі, паслугі па манікюры і педыкюры, а таксама іншымі паслугамі і работамі.

Акрамя таго, з 2019 года з’явіліся новыя віды дзейнасці, якія прызнаюцца аб’ектам абкладання адзіным падаткам:

— нанясенне аквагрыму;

— упакоўка тавараў, прадстаўленых спажыўцом.

Згодна з новай рэдакцыяй Падатковага кодэкса фізасобы пры ажыццяўленні ў каляндарным месяцы некалькіх відаў дзейнасці маюць права выкарыстоўваць ільготы пры вылічэнні адзінага падатку ў дачыненні да ўсіх відаў дзейнасці. Выключэнне складаюць паслугі па прадастаўленні жылых памяшканняў, садовых домікаў, дач для кароткатэрміновага пражывання. У дачыненні да такога віду дзейнасці льготы не прымяняюцца.

Іван ГІРЫК,
намеснік начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Навагрудскім раёне