Пра месяцовы каляндар і не толькі

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Апошні зімовы месяц дае магчымасць пасадзіць на расаду некаторыя агароднінныя, ягадныя і кветкавыя культуры.

Таму ў лютым мы прадаўжаем “агародную” тэму. На гэты раз аграном з аграгарадка Хвінявічы Вацлаў Залеўскі дзеліцца з чытачамі газеты сваімі назіраннямі за ўплывам месяцовага календара на развіццё раслінаў і будучы ўраджай, а таксама расказвае пра выкарыстанне стымулятараў росту.

Стымулятары супраць капрызаў надвор’я

– Не бяруся судзіць аб прыродных катаклізмах 2018 года ў цэлым па рэспубліцы, – разважае Вацлаў Браніслававіч, – але ва ўмовах нашай мясцовасці, дзе за май-чэрвень не было дажджу, мне ўдалося вырасціць дастатковы ўраджай бульбы, агародніны і садавіны. Праўда, намаганняў давялося затраціць значна больш.

Звяртаючыся да праблемы капрызаў надвор’я, варта закрануць важную тэму – выкарыстанне стымулятараў росту для раслінаў. Мне даводзілася выпрабоўваць у вытворчых умовах і на прысядзібным участку розныя па механізмах дзеяння стымулятары. Пачынаў з апрацоўкі зерневых культур выцяжкай ячменнага соладу. Выкарыстоўваў і адвар маладых галінкаў хвоі. У вытворчых умовах добры эфект быў атрыманы ад апрацоўкі насення розных культур радонавай вадой, якую ажыццяўляў у час пратручвання насення перад сяўбой. Аднак варта ўлічваць, што карысныя ўласцівасці радонавай вады губляюцца на працягу некалькіх сутак.

 

Цікавы вопыт правёў у 1998 годзе на пасадках бульбы з выкарыстаннем ультратонкадысперснага парашку дыяксіду крэмнія, які атрымліваюць пры вытворчасці фторыстага алюмінія на Гомельскім хімічным заводзе. З усіх выпрабаваных варыянтаў самы высокі эфект дасягнуты пры ўнясенні 400 грамаў дыяксіду крэмнія на сотку па нарэзаных разорах. Маса клубняў бульбы ў разліку на адзін куст павялічылася амаль у два разы.

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мне пашчасціла пазнаёміцца з супрацоўнікам Інстытута торфу (цяпер Інстытут прыродакарыстання) Надзеяй Сарокінай. З яе лёгкай рукі і дзякуючы вялікаму энтузіязму наладжана вытворчасць розных відаў стымулятараў росту на аснове гумінавых кіслот. На той час на палетках гаспадаркі “Парэчча”, дзе я працаваў, вытворчыя выпрабаванні пад кіраўніцтвам Надзеі Сарокінай толькі пачыналі праводзіцца. Цяпер попыт на гумінавыя стымулятары росту сярод насельніцтва пастаянны, у тым ліку імі карыстаюся я.

Лічу, што ў апошнія гады ў кліматычных умовах нашага рэгіёна менавіта апрацоўка бульбы на пасадку гуматамі разам з амагнічаным растворам макра- і мікраэлементаў іграе рашаючую ролю ў забеспячэнні росту і развіцця раслінаў у экстрэмальных умовах. Засушлівым летам 2018 года на сваім прысядзібным участку па загораным сідэраце грэчкі я атрымаў ураджай таварных клубняў суперранніх сартоў бульбы 220 цэнтнераў з гектара. У апрацаванага стымулятарамі росту насення павышаецца ўсходжасць, энергія прарастання, інтэнсіўна развіваецца каранёвая сістэма, расліна фарміруецца мацнейшай.

Падкажы, нябеснае свяціла

– Навука даказала, што фазы Месяца ўплываюць на інтэнсіўнасць хіміка-біялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў клетках жывых арганізмаў. Паводле месяцовага календара і я заўжды стараюся прытрымлівацца тэрмінаў падрыхтоўкі глебы, сяўбы, догляду раслінаў.

Да чаго вядзе ігнараванне фазаў Месяца, упэўніўся на вопыце. Пазалетась здалося, што пасеяў недастаткова перцу. Тры скрыні былі пасеяны ў спрыяльныя дні, яшчэ адна – праз чацвёра сутак. Расада аднаго сорту, вырашчаная пры аднолькавым тэмпературным рэжыме, заўважна адрознівалася. У 2018 годзе граду сталовых буракоў пасеялі ў спрыяльны час, другую – праз 10 дзён. На ёй усходы былі радзейшыя, нядружныя, давялося ўшчыльняць паўторнай сяўбой, хаця насенне буракоў было з адной партыі. Адсюль і выснова: прыроду цяжка пераспрачаць, а жыць з ёю ў згодзе проста неабходна.

Ірына КАЎКЕЛЬ