Хто думае пра будучыню – глядзіць наперад

Важнае Грамадства Свежыя навіны

27 лютага прайшло пасяджэнне савета аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, у час якога педагогі раёна падвялі вынікі работы за 2018 год, акрэслілі задачы на 2019-ы. Удзел у сустрэчы прыняў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч.

Па галоўным пытанні выступіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус. Зазначыла, што ў 2018 годзе аддзел і ўстановы адукацыі раёна паслядоўна ажыццяўлялі работу па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, забяспечвалі рост асноўных паказчыкаў якасці адукацыі. У сістэме дашкольнай адукацыі асноўная ўвага надавалася яе даступнасці, фарміраванню здароўезберагальнай прасторы, удасканаленню якасці адукацыйнага працэсу. Прапаноўваліся паслугі групаў кароткачасовага знаходжання, арганізоўвалася наведванне садкоў па гібкім рэжыме па запытах законных прадстаўнікоў выхаванцаў, мелася магчымасць выбару мовы.

Забяспечана стабільнасць асноўных паказчыкаў якасці агульнай сярэдняй адукацыі. На 5-10 балаў навучальны год скончылі 79,5% навучэнцаў, 9,2% – выдатнікі. На цэнтралізаваным тэсціраванні стобальныя вынікі былі ў двух навучэнцаў. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, конкурсаў даследчых работ Ілья Угрын (гімназіі №1 горада Дзятлава) і Ягор Сокал (Наваельнянская сярэдняя школа) і іх педагогі Ганна Урбановіч, Алена Баковіч адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ягор Сокал стаў лаўрэатам прэміі А. Дубко. Па выніках мінулагодняй абласной алімпіяды на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі заваявана 7 дыпломаў (5 – трэцяй, 2 – другой ступені). На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваяваны 2 дыпломы: першай ступені – па матэматыцы, трэцяй – па біялогіі (гімназія №1 горада Дзятлава). Граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама атрымалі па інфарматыцы і працоўным навучанні два навучэнцы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. Дыплом другой ступені па матэматыцы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды – у навучэнца гімназіі №1 горада Дзятлава. Наваельнянскія школьнікі атрымалі два дыпломы другой і трэцяй ступеняў па біялогіі і рускай мове ў даследчым конкурсе “Крыштальная Альфа”.

Сістэма спецыяльнай адукацыі поўнасцю забяспечана дэфекталагічнымі кадрамі. Захоўваецца стабільны ўзровень якасці карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

У 2018 годзе прадоўжана работа па рэалізацыі Комплекснай праграмы выхавання дзяцей і моладзі, якая вучыцца, на 2016-2020 гады ў Дзятлаўскім раёне. Вырас ахоп дзяцей карыснай дзейнасцю у вольны час, у летні перыяд ён склаў 96,1%. Па выніках удзелу ў конкурсах педагагічнага майстэрства летась заваяваны 14 дыпломаў, вопыт работы раёна па арганізацыі шостага школьнага дня прэзентаваны на абласным семінары.

Палепшыліся вынікі ўдзелу ў творчых конкурсах: заваяваны 89 узнагародаў абласнога ўзроўню, 8 – рэспубліканскіх, 4 – міжнародныя. Аддзел адукацыі адзначаны дыпломам за актыўны і выніковы ўдзел у мерапрыемствах эколага-біялагічнай накіраванасці ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Новы імпульс атрымаў валанцёрскі рух: арганізавана работа 28 валанцёрскіх і 50 цімураўскіх атрадаў, клопатам ахоплены звыш 4 тысяч пажылых і адзінокіх грамадзян.

Шмат увагі надаецца выхаванню культуры бяспекі жыцця навучэнцаў, зароваму ладу жыцця, аздараўленню дзяцей на канікулах, арганізацыі харчавання.

Захоўваецца станоўчая тэндэнцыя ў рабоце па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва. Актуальнымі застаюцца задачы абнаўлення банка даных замяшчальных сем’яў, выяўлення навучэнцаў, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, аказання ім сацыяльна-педагагічнай дапамогі, забеспячэння эфектыўнай работы па палавым выхаванні непаўналетніх, прафілактыцы злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх.

У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская, якая закранула пытанні палавой недатыкальнасці непаўналетніх, павышэння якасці спецыяльнай адукацыі. Загадчыца Гезгалаўскага ясляў-сада Святлана Гурская  расказала аб сістэме работы кіраўніка на прыкладзе сваёй установы, дзе рэалізоўваецца інавацыйны праект па фарміраванні духоўна-маральных якасцяў выхаванцаў. Дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская падзялілася вопытам работы педагогаў установы з адоранымі дзецьмі.

З другім пытаннем парадку дня “Аб выніках правядзення раённай спартакіяды школьнікаў 2018 года” выступіла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Пазняк. Яна адзначыла эфектыўю работу шэрагу ўстановаў адукацыі па падрыхтоўцы да раённых спаборніцтваў спартакіяды школьнікаў.

Вынікі сустрэчы падвёў Ігар Кухарэвіч. Ён зазначыў, што паспяховасць работы кожнай установы адукацыі напрамую залежыць ад асобы кіраўніка. Гэта павінны быць мэтанакіраваныя людзі, здольныя заахвоціць і натхніць калектыў, пракантраляваць усе накірункі работы, прыняць правільныя рашэнні. Сістэма адукацыі раёна спрацавала ў мінулым годзе дастойна, аднак ёсць яшчэ рэзервы для паляпшэння вынікаў па шэрагу накірункаў. Сёлета асаблівую ўвагу трэба звярнуць на пытанні бяспекі дзяцей, работу ў гэтым накірунку класных кіраўнікоў, сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў. Настаўнікі павінны бачыць кожнае дзіця і прымаць своечасовыя меры рэагавання.

Прыемным момантам стала ўручэнне ўзнагародаў.

Ірына СТЫРНІК



Теги: