Гартаючы старонкі школьнага жыцця… (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

2 лютага сярэдняя школа №1 горада Дзятлава ветліва расчыніла дзверы сваім выпускнікам, запрашаючы іх акунуцца ў свет успамінаў, дзе былі і дзіцячыя слёзы, і радасці, і памылкі, і ўдачы, першае каханне і расчараванні, а таксама вера ў будучыню і мары.

Перад канцэртнай праграмай выпускнікам прадаставілася магчымасць не толькі пагутарыць адзін з адным, але і разгледзець аформленыя ў фае школы стэнды з фотаздымкамі, яшчэ раз успомніць цудоўныя імгненні даўно мінулых гадоў.

На вечары сустрэчы можна было паслухаць песні, паглядзець сцэнкі са школьнага жыцця. Вядучыя запрашалі прыняць удзел у розных конкурсах і забавах.

Па традыцыі асабліва ўшаноўвалі юбіляраў, тых, хто скончыў школу 10, 15, 20, 25, 30, 35 гадоў таму. Было прыемна бачыць тых, хто скончыў школу больш за 50 гадоў таму, і тых, хто толькі ўчора пакінуў яе сцены.

Шмат добрых слоў было сказана ў адрас усіх педагогаў, якіх выпускнікі ўспаміналі з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю.

Былыя аднакласнікі былі рады сустрэчы. Разам з класнымі кіраўнікамі яны перагарнулі незабыўныя старонкі школьнага жыцця.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ