“Дзякуй, дзядзька Толя!”

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Нашаму земляку, Анатолію Анатольевічу Майсейчыку — воіну-інтэрнацыяналісту, прысвячаецца!

Ідуць гады, сціраючы з памяці нязначныя падзеі, але, слава Богу, толькі нязначныя.

Вясна! У блакітным небе кружацца птушкі, аднекуль здалёк ліецца мілагучны спеў жаўронка.

Сёння для нас, усіх жыхароў аграгарадка, даволі значны дзень. Сёння, 8 мая, Вахта Памяці ў гонар Вялікай Перамогі. На тэрыторыі нашага сельскага савета ўжо няма ў жывых ніводнага ўдзельніка тых жудасных часоў Вялікай Айчынай вайны 1941- 1945гадоў. Іх няма, але ёсць Памяць. Таму і збіраемся мы тут, каля гэтага Святога месца. Менавіта тут, каля помніка загінуўшых нашых землякоў, мы адчуваем боль і горыч страты, разумеем яшчэ ў большай ступені, якой дарагой цаной заваёвана наша сённяшняе жыццё.

І вось мой позірк затрымаўся на каранастым мужчыне, які стаяў у групе ганаровых гасцей. Апрануты ў ваенны камуфляжны касцюм, ён адразу выдзяляўся сярод іншых. На грудзях блішчэлі медалі і іншыя ўзнагароды.

Я пазнала яго, гэта наш дзядзька Толя, што працуе ў нашым ААТ “Граніт- Агра” токарам. Так, сапраўды, гэта ён. Я ж ведаю (бо мы ўжо з ім сустракаліся), што ён быў таксама ўдзельнікам вайны, але той далёкай, Аўганскай, у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў.

У лістападзе 1981 года ён разам са сваімі сябрамі па службе быў напраўлены для выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістан. За час службы ён выконваў абавязкі наводчыка-гранатамётчыка, старшага стралка, быў камандзірам аддзялення, камандзірам БМП — баявой машыны пяхоты, задача якой была суправаджаць калоны машын, якія перавозілі боепрыпасы, паліва, абмундзіраванне і іншыя рэчы. Страху не было, было жаданне скарэй дапамагчы народу Афганістана і вярнуцца на Радзіму. І гэты дзень настаў. 29 красавіка 1983 года дзядзька Толя, выканаўшы свой інтэрнацыянальны доўг, вярнуўся дамоў, на радзіму.

Мітынг працягваўся. Слова прадставілі яму. Зрабіўшы крок уперад, уважлівым позіркам акінуў прысутных і, хвалюючыся, сказаў словы віншавання з Днём Вялікай Перамогі і потым дадаў: “А што датычыцца Афганістана, то мы выканалі свой абавязак перад Радзімай так, як у 1941-1945 выканалі яго нашы землякі. “Памаўчаўшы трохі, уздрыгануўшым голасам працягнуў: “І я ніколі не забуду сваіх сяброў, якія засталіся навечна на той вайне. Мы ўсе заўсёды будзем помніць і нашых землякоў,якія ляжаць тут, у нашай зямлі, аддаўшы свае жыцці дзеля таго, каб мы з вамі сёння жылі пад мірным небам”.

Усе заапладыравалі. У мяне на вачах навярнуліся слёзы і неяк мігам злажыліся радкі:

 

І стаіць ён каля помніка,

І сляза па твары сцякае.

Я ведаю, усім сэрцам адчуваю,

Гэта ён сяброў успамінае,

Тых, што навечна засталіся там, у гарах, у Афганістане.

Закончыўся мітынг. Усе пачалі разыходзіцца. Я падыйшла да дзядзькі Толі, ён стаяў са сваёй жонкай Таццянай і ўнукам Мікітам, і папрасіла дазволу сфатаграфавацца з імі на памяць аб яшчэ адной сустрэчы.

Сфатаграфаваўшыся, мы, не спяшаючыся, пайшлі па вуліцы аграгарадка.

Дзядзька Толя ішоў задумаўшыся. Можа перабіраў у памяці падзеі тых афганскіх часоў, аб якіх ён не вельмі любіць гаварыць услых. Потым, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў: “Як хутка ляціць час. Ужо хутка 30 гадоў з той пары, а здаецца ўсё было зусім нядаўна: і скалістыя горы, і пякучае сонца Афганістана, і нашы камандзіры, і сябры. Усё, усё праходзіць. Засцаецца толькі Памяць”, — сказаўшы гэта, ён змоўк і шчыра абняў свайго ўнука.

Так мы дайшлі да іх хаты і развіталіся. Зайшоўшы дадому, я доўга думала аб тым, што свет трымаецца вось на такіх людзях, як наш дзядзька Толя. А ў Беларусі шмат такіх людзей, і на маёй малой радзіме таксама. Яны робяць усё магчымае, каб мірным было жыццё ў нашай роднай Беларусі і ва ўсім свеце.

Няхай зелянеюць палеткі,

Няхай каласіцца пшаніца.

І мы заўсёды будзем прыклад браць

З воіна — інтэрнацыяналіста!

Гэта было вясною. Сёння люты. Хутка 15 лютага — Дзень вываду войскаў з Афганістана. Гэта і тваё свята, дзядзька Толя. Мы прыйдзем да цябе, каб яшчэ раз падзякаваць і за Афганістан, і за наша шчаслівае дзяцінства.

Ксенія БОЛТАЧ,
навучэнка ІХ класа Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы