“Белая Русь” – воінам-афганцам

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ужо традыцыйным стаў удзел Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднанння “Белая Русь” у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Не cтаў выключэннем і юбілейны 2019 год, калі ў нашай краіне шырока адзначаецца 30-годдзе вываду савецкіх войскаў з тэрыторыі Афганістана.

Да юбілейнай даты раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” арганізавала на Дзятлаўшчыне ўрачыстае ўшанаванне воінаў-афганцаў з уручэннем грашовых прэмій. На адной з такіх сустрэч, у ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна, віншаванні і падарункі прымалі Алег Драгунскі і Валянцін Пачабыт.

З найлепшымі пажаданнямі да іх звярнуліся старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч, яго намеснік Вольга Рагачова, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.

– Прыміце самыя цёплыя, шчырыя словы віншаванняў, – павітаў воінаў-інтэрнацыяналістаў Ігар Кухарэвіч. – Кожны з вас прайшоў цяжкі шлях, які пакінуў глыбокі след у душы. Сёння вы з’яўляецеся прыкладам мужнасці для падрастаючага пакалення. Жадаем, каб вы свае веды, сваю мудрасць, свой вопыт перадавалі моладзі пры сустрэчах і размовах. Моцнага вам здароўя, аптымізму, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця пад мірным небам. Дзякуем за службу, за вашы доблесць і гераізм.

Ірына СТЫРНІК