Заўсёды жаданая госця

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У нашай краіне шмат робіцца для таго, каб пажылыя людзі не адчувалі сябе адзінокімі, каб старасць была дагледжанай і спакойнай.

На Дзятлаўшчыне працуюць Казлоўшчынскае аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў, дзе жывуць 30 чалавек, і дом сумеснага самастойнага пражывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Гезгалы, дзе знаходзяцца яшчэ 10 чалавек. Але многія дзядулі і бабулі лепш адчуваюць сябе ў роднай хаце, таму самай запатрабаванай на працягу многіх гадоў застаецца дапамога сацыяльных работнікаў, на абслугоўванні якіх у нашым раёне знаходзяцца звыш 500 грамадзян.

З адной з такіх работніц, Ганнай Максімавай, мы сустрэліся ў Гірычах, у доме яе 88-гадовай падапечнай Ганны Іода. Да нашага прыезду дзве Ганны паспелі ўправіцца амаль з усімі бытавымі справамі, запланаванымі на дзень. Бабуля пахвалілася, што сацыяльная работніца дапамагла ёй памыцца, і дадала, што вельмі задаволена Ганнай Міхайлаўнай, іншай памочніцы ёй і не трэба.

Цікаўлюся ў Ганны Максімавай, аб чым часцей за ўсё просяць яе падапечныя, якая дапамога найбольш неабходна пажылым людзям.

– Безумоўна, у асенне-зімовы перыяд вясковым бабулям і дзядулям найперш дапамагаем нанасіць дроваў і вады, прапаліць у печы. Самім гаспадарам зрабіць гэта ўжо цяжкавата, бо з-за капрызаў надвор’я на вуліцы можа быць слізка, ды і проста лішні раз выходзіць на холад людзям сталага веку няварта з-за рызыкі прастудаў. Таксама набываем прадукты і лекі, кантралюем ціск, плацім за электрычнасць, прыбіраем у хаце і многае іншае, ну і простыя чалавечыя адносіны ніхто не адмяняў, паколькі для многіх пажылых грамадзян сацыяльныя работнікі – гэта тыя людзі, якіх яны бачаць нават часцей, чым блізкіх і суседзяў, асабліва ва ўмовах маланаселеных вёсак. Усе расходы падапечных мы заносім у спецыяльныя сшыткі, так атрымліваюцца свайго роду міні-справаздачы на кожнага чалавека, каб нічога не забыцца, не пераблытаць. У мяне, напрыклад, на абслугоўванні 9 бабуляў і дзядуляў з вёсак Міроўшчына, Гірычы, Кашкалы, Лудзічы, і дэталёва памятаць неабходна аб патрэбах кожнага з іх.

Даведаўшыся аб “геаграфіі” рассялення падапечных, пытаюся, ці не цяжка Ганне Міхайлаўне пераадольваць за дзень значныя адлегласці паміж населенымі пунктамі.

– Увесь сакрэт у надзейным памочніку, – усміхаецца мая субяседніца, – гэта веласіпед. Праўда, выкарыстоўваць такі транспартны сродак круглы год не ўдаецца, ідзе дождж ці лажыцца снег – і стамляюся больш, пераадольваючы кіламетры паміж вёскамі пешшу. Колькі іх ужо “наматала” з 1996 года, калі прыйшла ў сацыяльную службу, складана сказаць. Наогул, па спецыяльнасці я повар, скончыла Баранавіцкае вучылішча. Раней і не думала, што давядзецца поўнасцю памяняць род заняткаў. Аднак лёс зрабіў круты паварот. Пасля вучылішча на першае месца работы прыйшла ў Раготна. Там сустрэла будучага мужа. Адзін за адным нарадзіліся двое дзетак. Пасля працяглага дэкрэтнага водпуску работы па спецыяльнасці не знайшлося, затое мне прапанавалі альтэрнатыву – месца сацыяльнай работніцы. Першыя пяць гадоў адпрацавала там жа, у Раготне. У 2000-ым наша сям’я пераехала ў Міроўшчыну, з таго часу працую тут. Былі на маім вяку іншыя прапановы ад наймальнікаў, але адмаўлялася, бо ўжо прывыкла да сваіх бабуляў і дзядуляў, прыкіпела душой, хоць і цяжка бывае фізічна, затое атрымліваецца знайсці з імі агульную мову, адчуць настрой, падабраць патрэбныя словы для падтрымкі. Мае падапечныя чакаюць мяне з нецярпеннем і радуюцца, калі ступаю на парог хаты. Крыху затрымліваюся – ужо пачынаюць хвалявацца, тэлефанаваць. Адным словам, адносяца як да блізкага чалавека.

За гады працы ў Ганны Міхайлаўны выраслі дзеці і стварылі ўласныя сем’і. У дзень, калі мы сустракаліся з сацыяльнай работніцай, у яе была вялікая сямейная радасць – нарадзілася чацвёртая ўнучка. Цяпер яны з мужам шчаслівыя бабуля і дзядуля двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Дома Ганна Максімава – клапатлівая гаспадыня, паспявае і ў агародзе завіхацца, і хатнія справы перарабіць, любіць, калі ў госці прыязджаюць дзеці з сем’ямі, летам у вольны ад работы час стараецца пабыць у лесе, назбіраць грыбоў і ягад, палюбавацца роднай прыродай, навучыцца ў яе гармоніі і цярпенню. Бо для выканання сваіх абавязкаў сацыяльны работнік павінен мець вялікае сэрца, цярпенне, спагадлівасць і спачуванне. У гэтай прафесіі таксама спатрэбяцца першапачатковыя медыцынскія веды, навыкі псіхалагічнай падтрымкі, не лішнімі будуць пачуццё гумару і ўменне будаваць зносіны з людзьмі. Таму сваім калегам-сацыяльным работнікам Ганна Максімава жадае моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, душэўнага спакою, каб яшчэ шмат гадоў яны неслі сваім падапечным спагаду і падтрымку, дорачы надзею на заўтрашні дзень.

Ірына КАЎКЕЛЬ