Калі вы знайшлі пацярпелую ў дарожна-транспартным здарэнні дзікую жывёлу, падбіраць яе нельга.
Згодна з правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, пры выяўленні параненых, траўмаваных, хворых або загінулых дзікіх жывёл забараняецца самавольна здабываць іх, разбіраць і перамяшчаць. Пра такі факт варта паведаміць супрацоўнікам МУС ці МНС або карыстальніку паляўнічых угоддзяў, калі вам вядомыя яго кантакты. Гэтыя спецыялісты прымуць неабходныя меры для вырашэння праблемы.
Незаконнае разбіранне і транспарціроўка дзікіх жывёл і іх частак караецца буйным штрафам, а ў некаторых выпадках і прыцягненнем да крымінальнай адказнасці – напрыклад, калі падабралі або разбіралі капытную жывёлу. Па рашэнні суда можа быць канфіскаваны і транспартны сродак, на якім перавозілі дзічыну.
Такія строгія санкцыі ўвялі ў першую чаргу для таго, каб пакараць браканьераў, якія пры затрыманні тлумачаць, што знайшлі тушу або мяса ва ўгоддзях і не маюць дачынення да здабычы звера.
Алег ТРАФІМЧЫК,
дзяржаўны інспектар Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету