На першай прыступцы кар’еры

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Нялёгка пачынаць з чыстага ліста нават школьнае сачыненне, а што казаць пра кар’еру і прафесійны рост.

Амаль кожны малады чалавек, які прыходзіць на першае месца работы, адзначае, што тэарэтычныя веды, атрыманыя ў час вучобы, адрозніваюцца ад працоўнай практыкі, і толькі далейшы вопыт, народжаны ў працоўных буднях, дапамагае навічку стаць спачатку спецыялістам, а затым і майстрам сваёй справы.

Менавіта таму ў нашай рэспубліцы існуе такі прафесійны статус, як “малады спецыяліст”, што дапамагае моладзі, якая прыходзіць на першае месца работы, адаптавацца, абараняе яе правы і інтарэсы.

Безумоўна, быць маладым спецыялістам няпроста, тым не менш, юнакі і дзяўчаты, якія толькі пачынаюць сваю кар’еру і працуюць у нашым раёне па размеркаванні, маюць патэнцыял, планы на жыццё і глядзяць у будучыню з надзеяй.

Анастасія Максіменка, культарганізатар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

– Родам я з горада Косава Брэсцкай вобласці, у Дзятлаве наймаю кватэру. Прыехаць працаваць менавіта сюды было маім выбарам. У час размеркавання мне прапанавалі некалькі варыянтаў першага месца работы, і я выбрала раённы цэнтр Дзятлава, аб чым не шкадую. Працаваць падабаецца і вельмі цікава, тым больш, што трапіла ў добразычлівы калектыў. Сам горад прываблівае адсутнасцю мітусні, мерным ладам жыцця, тым не менш, тут ёсць куды схадзіць, чым заняцца. Дзятлава многім падобнае на маё роднае Косава. Калі казаць пра цяжкасці, з якімі тут сутыкнулася, дык гэта наняць кватэру: амаль месяц давялося жыць на чамаданах, пакуль знайшла прыдатны варыянт. Таксама было нялёгка знайсці жадаючых наведваць гурткі, кіраўніком якіх з’яўляюся: дзіцячы вакальны “Сузор’е” і рознаўзроставы “Лепшыя сябры” па падрыхтоўцы аніматараў. Аказалася, адшукаць будучых гурткоўцаў, не маючы знаёмых і рэкамендацый у Дзятлаве, не вельмі проста, але на дапамогу прыйшлі старэйшыя калегі, дзякуй ім за падтрымку.

Калі пафантазіраваць і зазірнуць у будучыню, то праз дзясятак ці больш гадоў, мяркую, я магу быць кіраўніком адной з установаў культуры. Таксама сярод планаў надалей – навучыцца візажу, каб рабіць жанчын прыгожымі, бо я люблю дарыць радасць людзям. Сваім равеснікам жадаю нічога не баяцца, “адчуць” выбраную прафесію, зразумець, ці тваё гэта, бо нашы ўяўленні часта адрозніваюцца ад рэчаіснасці.

Карына Маляўская, педагог-псіхолаг Наваельнянскай сярэдняй школы:

– Родам я з Навагрудчыны, скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Калі стала пытанне аб размеркаванні, выбірала паміж горадам і вёскай, хацелася адшукаць залатую сярэдзіну. Гарадскі пасёлак Наваельня стаў аптымальным варыянтам. Мясцовая школа на 300 чалавек, значыць, тут можна назапасіць вопыту і не згубіць сябе за мітуснёй будняў, ды і дахаты ездзіць зручна. Калегі прынялі мяне добразычліва, дапамагаюць, падтрымліваюць, таму аб сваім выбары не шкадую. Люблю працаваць з дзецьмі, яны ідуць на кантакт, бо іх прываблівае работа з новым чалавекам, асабліва мяне цікавяць маленькія навучэнцы, яны, як чыстыя лісты. У далейшым мяркую затрымацца ў Наваельні, але не назаўсёды. Сярод маіх планаў на будучыню цяпер пераважаюць прафесійныя. Напрыклад, хочацца скончыць курсы па гештальт-тэрапіі, спадзяюся стаць добрым псіхолагам, упэўнена, што на працягу жыцця заўсёды знайду, куды расці, да чаго імкнуцца, і ніколі не спынюся на дасягнутым. Маладым спецыялістам жадаю не згубіцца, бо вучоба вельмі адрозніваецца ад дарослага жыцця, цяпер важна правільна расставіць акцэнты і рухацца наперад.

Артур Хартановіч, аграном-аграхімік КСУП “Хвінявічы”:

– Я родам з Лідскага раёна, скончыў Навагрудскі агратэхнічны каледж. Лічу, што па размеркаванні трапіў у някепскую гаспадарку. Спраўляцца з працоўнымі задачамі, даведвацца шмат новага і карыснага мне дапамагае галоўны аграном КСУП “Хвінявічы”, мой старэйшы калега Аляксандр Навагран, за што яму вельмі ўдзячны. Мяркую, асаблівых цяжкасцяў у рабоце можна пазбегнуць, калі працаваць старанна. Адзінае, з чым не магу звыкнуцца – адсутнасць выхадных у час асноўных палявых работ. Сярод маіх планаў на будучае – атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Што тычыцца месца працы, то як варыянт разглядаю застацца ў гаспадарцы. Вольнага часу ў мяне не вельмі шмат, калі ён ёсць, стараюся патраціць на спорт, захапляюся валейболам. Такім жа маладым, як я, жадаю цярпення, разумення і падтрымкі калегаў, поспехаў у рабоце і матэрыяльнага дабрабыту.

Лізавета Фіберг, юрысконсульт КСУП “Русь-Агра”:

– Я выпускніца юрыдычнага каледжа БДУ, навучэнка завочнага аддзялення факультэта права БДЭУ горада Мінска. Працаваць мне падабаецца, бо заўсёды марыла быць юрысконсультам. Вядома, у прафесіі не ўсё бязвоблачна, сустракаюцца і цяжкасці, што звязана з недахопам вопыту, але яны падштурхоўваюць да дзеянняў, вучаць новаму, ды і калектыў мяне вельмі падтрымлівае. Жыву я ў Дзятлаве з мамай, на работу падвозіць аўтобус або калегі. Безумоўна, пры жаданні магу атрымаць жыллё ад гаспадаркі як малады спецыяліст, але патрэбы ў гэтым пакуль не адчуваю. У вольны час пішу вершы (маё захапленне яшчэ са школы) і мару выпусціць свой зборнік, вучуся катацца на каньках. У маіх прафесійных планах – паспрабаваць сябе не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і іншых сферах, бо для юрыста гэта важна. У далейшым бачу сябе, перш за ўсё, клапатлівай матуляй, а затым ужо добрым спецыялістам, бо сям’я – гэта вельмі важна для ўсіх нас. Маладым людзям, якія толькі прыйшлі ў прафесію, жадаю быць уважлівымі і сабранымі, умець выслухаць і пачуць іншых, не губляць цікавасці да прафесіі, быць актыўнымі, але галоўнае – заўсёды заставацца добрымі людзьмі.

 Ірына КАЎКЕЛЬ