На Дзятлаўшчыне адбылося пасяджэнне Асацыяцыі польскага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь

Важнае Свежыя навіны Улада

На тэрыторыі санаторыя “Альфа Радон” 19 студзеня адбылося пасяджэнне Асацыяцыі польскага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Парламента Рэспублікі Польшча, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Мінскага і Гродзенскага абласных выканаўчых камітэтаў.

Ужо не першы раз Дзятлаўшчына сустрэла членаў Асацыяцыі польскага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь для ўстанаўлення новых узаемавыгадных кантактаў, прыцягнення большай увагі да пытанняў, якія хвалююць бізнэс з польскімі інвестыцыямі ў нашай краіне. Сярод прыярытэтных мэтаў Асацыяцыі – інтэграцыя польскага капіталу на тэрыторыі нашай краіны, садзейнічанне больш цеснага эканамічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю.

Першы саветнік Пасольства Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі адзначыў, што дадзеная сустрэча – выдатная магчымасць абмеркаваць пытанні эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі-суседзямі.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Польшчай і Беларуссю перавысіў 3 мільярды долараў, і гэта гаворыць аб тым, што паміж дзвюма краінамі ёсць добры патэнцыял, а тэмп эканамічнага супрацоўніцтва нарастае.

— – Мы ў Пасольстве адзначаем, што  цікавасць польскага бізнэсу да беларускіх рынкаў расце. Тое ж самае адносіцца і да Польшчы з беларускага боку. Думаю, у гэтым годзе нас чакае шмат амбіцыйных падзей. Напрыклад, ёсць планы вярнуцца да аднаўлення польска-беларускага эканамічнага форуму “Добрасуседства”, працягваць супрацоўніцтва па стартапах і новых тэхналогіях, — расказаў Марцін Вайцяхоўскі.

Дарэчы, вядомая кампанія IKEA цяпер працуе над тым, каб павялічыць сваю вытворчасць на тэрыторыі Беларусі ў сферы дрэваапрацоўкі і вытворчасці мэблі, і прыцягвае да гэтага польскіх падрадчыкаў. Як адзначыў першы саветнік Пасольства Польшчы ў Беларусі, гэта вялікі праект, які аб’яднае палякаў і беларусаў яшчэ больш.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў лічыць, што рух эканамічных рэсурсаў паміж Польшчай і Беларуссю стане больш дынамічным:

– У Беларусі ёсць інвестыцыйныя дамовы, якія дазваляюць атрымаць комплекс прэферэнцый па падатковых, мытных плацяжах, павелічэнні колькасці замежнай працоўнай сілы. Наша заканадаўства для стратэгічнага інвестара дазваляе стварыць умовы не горшыя, чым у Еўразійскім эканамічным саюзе.

Упершыню ў пасяджэнні Асацыяцыі прыняла ўдзел Мінская вобласць. Намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч расказаў, што ў гэтым годзе Міншчына плануе заключыць дагавор гандлёвага супрацоўніцтва з Варшаўскім і Беластоцкім ваяводствамі.

Аб супрацоўніцтве з Асацыяцыяй польскага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь расказаў і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько.

Таваразварот паміж Гродзенскай вобласцю і Польшчай у мінулым годзе дасягнуў амаль 400 мільёнаў долараў. Па словах старшыні камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Андрэя Свірыдава, гэты вынік перасягнуў нават пэўны максімум.

— Думаю, што Гродзенская вобласць з’яўляецца лепшым правадыром для развіцця польскага бізнэсу ў Беларусі. Гродзеншчына была першым ініцыятарам адкрыцця бязвізавага рэжыму, і гэты крок дазволіў зрабіць Беларусь больш адкрытай, асабліва для суседняй Польшчы, — сказаў Андрэй Свірыдаў.

Аб садзейнічанні Генеральнага консульства развіццю бізнэсу на мяжы Польшчы і Беларусі расказаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк. Ён пацвердзіў, што бязвізавы рэжым спрыяе не толькі развіццю турызму ў Беларусі, але і добра ўплывае на ўзаемаадносіны Беларусі і Польшчы.

На пасяджэнні таксама выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Рэспублікі Польшча Леанід Качына. Ён расказаў аб падтрымцы бізнэс-супольнасці ў рамках планаў законапраектаў на 2019 год.

Пра стан, значэнні і перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі прысутным расказаў саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску Аркадыуш Сарна.

З пляцоўкай для пасяджэння Асацыяцыі, Дзятлаўскім раёнам, пазнаёміў прысутных старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён адзначыў, што на Дзятлаўшчыне ствараюцца ўмовы для развіцця бізнэсу.

Начальнік аддзела эканомікі Дзятлаўскага райвыканкама Алег Урбановіч адзначыў, што найбольш буйнымі прадстаўнікамі бізнэсу на тэрыторыі раёна арганізавана вытворчасць шматслойных папяровых мяшкоў для сыпкіх матэрыялаў, элементаў з драўніны, вырабаў з пластмасы і іншыя. Таксама ён прадставіў аб’екты нерухомасці, прыдатныя для вядзення бізнэсу на Дзятлаўшчыне. Сярод іх – комплекс будынкаў з тэрыторыяй 7 гектараў у райцэнтры. Варта адзначыць, што, дзякуючы Асацыяцыі, на гэтай тэрыторыі ўжо пачаў работу першы прадстаўнік польскага бізнэсу, які сёлета на фінальным этапе стварэння прадпрыемства па пашыве абутку.

Акрамя ўсяго, на пасяджэнні абмеркавалі супрацоўніцтва Лідскага раёна з Рэспублікай Польшча, Асацыяцыяй польскага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь і эканамічны патэнцыял Лідскага раёна.

Перадфінальныя часткай сходу стала ўручэнне падзяк членам Асацыяцыі.

Старшыня Асацыяцыі польскага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь Анатоль Вялікін выказаў падзяку Дзятлаўскаму райвыканкаму за садзейнічанне развіццю гандлёва-эканамічных адносінаў паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь. Аляксандру Дубовіку ён уручыў Падзячнае пісьмо і нагрудны значок Асацыяцыі.

А напрыканцы мерапрыемства паміж Дзятлаўскім райвыканкамам, Асацыяцыяй польскага бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь і Падляскім клубам бізнэсу было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве.

Такое ж пагадненне з польскімі партнёрамі падпісаў і Лідскі райвыканкам.

Юлія БАКУНОВІЧ