Любімы від спартыўных заняткаў

Свежыя навіны Спорт і турызм

Узімку, калі прырода адпачывае, для дзяцей і дарослых надыходзіць час сапраўднага актыўнага адпачынку.

Вядома, далёка не ўсе любяць моцныя маразы і снег па калена і ў зімовыя дні застаюцца дома. Але тыя, хто цэняць сапраўдную зіму, актыўныя фізічныя заняткі на свежым паветры,  адзначаюць асаблівую карысць ад спартыўных практыкаванняў і загартоўвання, радуюцца зімовым забавам.

Менш за ўсё баяцца холаду і больш за ўсё  радуюцца магчымасці выбрацца з дому дзеці. Яны атрымліваюць асаблівую асалоду ад гульняў са снегам, якія выклікаюць у іх захапленне, натхняюць на стварэнне снежных анёлаў і снегавікоў. Яны імкнуцца навучыцца катацца на лыжах, каньках і сноўбордах. Снежныя зімовыя дні – цудоўная магчымасць правесці школьныя заняткі з трэнерам на свежым паветры. Фізічная падрыхтоўка юных лыжнікаў з сярэдняй школы №1  горада Дзятлава ажыццяўляецца на спартыўных пляцоўках школьных стадыёнаў, прылеглых скверах і на гарадскім стадыёне “Колас”. Навучэнцы адзначаюць: зіма – гэта не падстава, каб кідаць заняткі спортам на свежым паветры, а, наадварот, магчымасць і стымул, каб наладзіць актыўны і здаровы лад жыцця. Самы любімы від спартыўных заняткаў – катанне на лыжах. Гэта і лепшая зімовая спартыўная забава, якая прыносіць не толькі задавальненне, але і карысць усяму арганізму, і магчымасць адпачыць ад навукі, пабыць на свежым паветры, весела правесці час.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ