Напярэдадні Новага года многія клапоцяцца пра тое, каб дома прысутнічаў галоўны атрыбут свята – ёлка.
Хтосьці ўсталёўвае штучную ёлку, а хтосьці лічыць, што яна павінна быць “жывая”, і часам набывае святочнае дрэва незаконным шляхам.
Работнікі дзяржаўнай лясной аховы штогод у пераднавагодні перыяд пераходзяць на ўзмоцнены рэжым работы і арганізоўваюць рэйдавыя групы. Акрамя работнікаў лясной аховы, у рэйдах удзельнічаюць прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Бягучы год не выключэнне, і ў ходзе рэйдавых мерапрыемстваў будзе праводзіцца работа па спыненні незаконных высечак навагодніх дрэваў і іх правозу без адпаведных дакументаў.
Асаблівая ўвага будзе скіравана на пасадкі хвойных маладнякоў, участкі ляснога фонду, якія прымыкаюць да аўтадарог і населеных пунктаў.
У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за незаконнае знішчэнне або пашкоджанне навагодняга дрэва пагражае штраф ад 5 да 50 базавых велічыняў. За правоз без адпаведных дакументаў – штраф да 35 базавых велічыняў. Таксама тым, хто парушыць патрабаванні ляснога Кодэкса Рэспублікі Беларусь, давядзецца выплаціць шкоду за самавольную высечку дрэва ў залежнасці ад яго дыяметра.
Лепш за ўсё набыць “зялёную прыгажуню” законным шляхам. Гэта можна зрабіць на ёлачных кірмашах ці ў лясніцтвах.
Грамадзяне, якія сталі сведкамі незаконнага знішчэння дрэваў, могуць паведаміць пра гэта ў Дзятлаўскі лясгас па тэлефоне 8-01563-6-10-70 ці 6-12-50.
Міхаіл КАРЭНКА,
інжынер па ахове і абароне лесу Дзятлаўскага лясгаса