Лявон і Лявоніха прымалі гасцей

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Лявонавіцкім дзіцячым садзе-базавай школе прайшла вечарына “У Лявона і Лявоніхі.”

Да гаспадароў вясковай хаты з караваем завіталі госці з Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы і Кашалеўскага педагагічнага комплекса-базавай школы Навагрудскага раёна.

Лявон і Лявоніха запрасілі гасцей да стала пацешыцца смачным чаем і назваць яго травачку-заправачку, а таксама пачаставацца салодкімі прысмакамі. У час свята навучэнцы адгадвалі загадкі, расказвалі жарты, спявалі песні, згулялі ў народную гульню “У Панаса”. Вучні Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы выканалі танец “Ручаёк”, а Лявон з Лявоніхай разам з вучнямі Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы станцавалі народны танец “Лявоніху.” Потым усе разам станцавалі польку-трасуху. Успомнілі пра старажытнае свята зімовай пары – Каляды. Па прапанове Лявоніхі вырашылі адсвяткаваць яго так, як рабілі нашы продкі. Гаспадару вельмі спадабалася, што госці ведаюць і народныя песні, і самабытныя танцы. А на свяце было ўсё: і песні, і загадкі, і жарты, і гульні, і танцы. Усё наша – блізкае, роднае, непаўторнае. Наша спадчына.

На развітанне Лявон з Лявоніхай падарылі ўсім гасцям памятныя сувеніры. Сустрэча атрымалася цікавай, вясёлай. Яна пазнаёміла і згуртавала дзяцей з розных школ. У наступны раз гасцей будуць вітаць у Раклевіцкім дзіцячым садзе-базавай школе.

Аксана СЕРБІН,
навучэнка 8 класа Лявонавіцкага д/с-БШ