Да нас спяшаецца жоўтая земляная свіння

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У кітайскай міфалогіі існуе дванаццаць свяшчэнных задыякальных жывёлін – пацук, бык, тыгр, трус (кот), дракон, змяя, конь, авечка (каза), малпа, певень (курыца), сабака, свіння.

Адна з легенд пра тое, чаму менавіта такі парадак замацаваны пры летазлічэнні, расказвае, што Буда перад смерцю загадаў розным стварэнням прыйсці да яго на пакланенне. Каб трапіць да бажаства, трэба было пераадолець перашкоду – шумную і імклівую раку.

Першым перабраўся праз раку бык, але ў яго на хвасце сядзеў пацук. Атрасаючыся, жывёліна скінула з сябе хітрага грызуна, пацук шустра прыбег да падножжа прастола Буды. Тыгр ледзь не абагнаў быка, а следам прыскакаў трус. У некаторых народаў чацвёртай жывёлай значыцца кот. Далей па чарзе прыйшлі дракон, змяя, конь, авечка. Дзявятай стала прадпрымальная малпа. Певень і сабака з’явіліся амаль адначасова. Апошняй прыйшла свіння.

Акрамя таго, што ў задыякальным цыкле прысутнічаюць дванаццаць жывёл, у месячным календары ёсць пяць стыхій: сіняя вада, чырвоны агонь, белы метал, зялёнае дрэва, жоўтая зямля. Вызначаючы, у які год чалавек нарадзіўся, на Усходзе ўдакладняюць, да якой стыхіі належыць жывёліна. Па кітайскім календары сімвал наступнага года – жоўтая земляная свіння.

Кітайская астралогія верыць у тое, што людзі, якія нарадзіліся ў год Свінні, гуманныя, шчырыя, не ўмеюць прыкідвацца і ліслівіць, працавітыя, адданыя сям’і. Яны досыць міралюбівыя і здольныя пазбягаць канфліктаў. Разам з тым яны схільныя да дэпрэсіі, празмерна наіўныя, даверлівыя, з матэрыялістычным складам розуму.

Падрыхтаваў Ігар ЗІНЧАНКА