“Сырная страна” на карце Дзятлаўшчыны

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Не кожны раён нашай рэспублікі можа пахваліцца тым, што на яго карце ёсць краіна са сваімі законамі і традыцыямі.

А вось на карце Дзятлаўшчыны не цяжка адшукаць “Сырную страну”. ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, якому належыць гэты брэнд, – не казачная дзяржава, а сучаснае прадпрыемства высокай культуры вытворчасці, якое прадаўжае добрыя традыцыі, закладзеныя ў далёкім 1945 годзе. Прадукцыю “Сырной страны” ведаюць і любяць не толькі ў нашым раёне – яна карыстаецца попытам сярод спажыўцоў рэспублікі і за межамі Беларусі.

Сваё прафесійнае свята дзятлаўскія сыраробы адзначаюць у трэцюю нядзелю лістапада, разам з іншымі спецыялістамі, работа якіх звязана з аграпрамысловым комплексам і харчовай бяспекай нашай краіны. З гэтай нагоды мы вырашылі даведацца ў выконваючай абавязкі дырэктара завода Вольгі Болцік, наколькі паспяховы для прадпрыемства быў 2018 год і што ў далейшых вытворчых планах.

– Асновай поспеху кампаніі з’яўляецца зладжаная каманда вопытных прафесіяналаў, – расказвае Вольга Аляксандраўна. –  Сёння ў “Сырной стране” працуюць 245 чалавек, якія ведаюць і любяць сваю справу, скіраваны на вынік і пастаяннае развіццё.

Год пачаўся для нас з адметных падзей. Па-першае, былі падведзены вынікі штогадовага абласнога конкурсу на прэмію Гродзенскага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці ў 2017 годзе. Наш завод стаў лаўрэатам у падгрупе “вытворчасць харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі з колькасцю працуючых да 500 чалавек”. Па-другое, калектыў ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” быў адзначаны дыпломам райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці па выніках 2017 года з занясеннем на раённую Дошку гонару.

Па-ранейшаму наша прадпрыемства актыўна ўдзельнічала ў міжнародных выставах прадукцыі. Сёлета мы пабылі на міжнароднай выставе прадуктаў харчавання “Продэкспо” ў Маскве, што дазволіла папоўніць скарбонку ўзнагародаў “Сырной страны” пяццю новымі дыпломамі ў намінацыі “Лепшы смак”, чатыры з якіх – за першае месца (за масла сметанковае “Крестьянское”, сыр паўцвёрды “ATLETas”, сыр цвёрды “Chesse BUM”, сыр мяккі “Ricotta” слабасалёны). Дыпломам другой ступені адзначаны сыр паўцвёрды з чэдарызацыяй “Chedder Gold”.

У якасці экспанента “Сырная страна” ўдзельнічала ў выставе “MADE IN BELARUS”, якая праходзіла ў Кіеве (Украіна) і ў аднайменнай выставе беларускай прадукцыі ў Душанбэ (Таджыкістан), якую наведваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Выніковай была наша паездка ў Гродна на VI адкрыты фестываль сыру “Малая радзіма вялікага сыру”. У конкурсе якасці сыру сярод вытворцаў сырнай прадукцыі ў намінацыі “Сыры расольныя, сыры з чэдарызацыяй” дыпломам другой ступені адзначаны сыр “Chedder gold”. Яшчэ адзін дыплом, але ўжо трэцяй ступені, мы атрымалі за конкурс выставачных і гандлёвых павільёнаў.

– Як удаецца быць паспяховымі?

– Галоўны наш козыр – натуральнасць. У вытворчасці выкарыстоўваем толькі натуральную сыравіну і кампаненты. Мы старанна сочым за бяспекай нашай прадукцыі, пачынаючы ад кантролю за сыравінай і заканчваючы гатовым прадуктам. Дзякуючы сістэме нагляду, якая дзейнічае на прадпрыемстве, усе этапы вытворчасці кантралююцца акрэдытаванай лабараторыяй. Выпускаем больш за 70 найменняў сычужных паўцвёрдых сыроў, а таксама чэдарызаваныя, плаўленыя каўбасныя сыры, масла салодкавяршковае, мяккія сыры рыкота і капрэзэ эліт, прадукт тварожны. У асартыменце прадпрыемства – традыцыйныя віды прадукцыі і ўнікальныя ўласныя распрацоўкі, сярод якіх кожны спажывец можа знайсці нешта для сябе.

– Наколькі ўсё гэта цэняць пакупнікі?

– У нас наладжана плённае супрацоўніцтва з гандлёвымі партнёрамі. “Сырная страна” дастаткова шырока прадстаўлена ў буйных беларускіх гандлёвых сетках. На расійскім рынку нашу прадукцыю ведаюць ад Калінінграда да Далёкага Усходу: яна рэалізоўваецца ў Ніжнім Ноўгарадзе, Бранску, Маскве, Варонежы, Пецярбургу. Заключаны кантракты з гандлёвымі партнёрамі з поўдня Расіі – Краснадарскага краю, паўвострава Крыма. Геаграфія паставак пастаянна пашыраецца. Сёлета наша прадукцыя таксама пастаўляецца ў Казахстан і Кыргызстан. Нядаўна ў нас на заводзе пабылі прадстаўнікі з Кітайскай Рэспублікі. Ім вельмі спадабаўся наш сыр з чэдарызацыяй і рыкота. Значыць, з гэтымі прадуктамі ў хуткім часе можам выйсці на кітайскі рынак.

Малочная прамысловасць адна з самых прыярытэтных галін развіцця беларускай эканомікі і візітная картка нашай краіны. На працягу апошніх гадоў Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых пастаўшчыкоў малака ў свеце. Значны ўклад у агульную справу ўносіць і ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, адпраўляючы на ​​экспарт больш за 80% сваёй прадукцыі.

– Ці часта пашыраеце асартымент?

– Калектыў нашага завода крочыць у нагу з часам і не баіцца эксперыментаваць, распрацоўваючы новыя віды прадукцыі. Сярод нядаўна запушчаных у вытворчасць сыроў асаблівым попытам карыстаецца “Пармезан”. Летам з’явіліся яшчэ дзве навінкі: сыры “Гаўда” і “Эдам”.

– Якія планы на бліжэйшы час?

– Збіраемся захаваць дынаміку, якую маем. Каб у наступным годзе вынікі дзейнасці прадпрыемства таксама былі станоўчыя, будзем прыкладаць намаганні для захавання аб’ёму і павышэння якасці прадукцыі, пашырэння і дыверсіфікацыі экспарту, асваення новых рынкаў збыту.

– Чаго пажадаеце калегам і ветэранам галіны да прафесійнага свята?

– Найперш – бадзёрасці духу, здароўя і аптымізму. А таксама, каб справа, якой займаюцца, заўсёды прыносіла задавальненне, каб былі сілы і настрой для работы, дабрабыту і ладу ў сем’ях, увагі і разумення блізкіх.

 Ірына КАЎКЕЛЬ



2 комментария по теме ““Сырная страна” на карце Дзятлаўшчыны

  1. Попутного ветра дятловскому сырному кораблику!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  2. И магазин, который недалеко то вокзала, у них хороший. Всегда туда хожу.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *