Дакрануліся да святыні

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Сёння нас усіх хвалюе пытанне аб будучыні маладога пакалення.

На жаль, духоўныя каштоўнасці дзяцей і моладзі апошнім часам змяніліся: вельмі часта ў падлеткавым асяроддзі праяўляецца жорсткасць, агрэсія, абыякавасць. Як паспрыяць выхаванню сапраўднага грамадзяніна, ветлівага, чулага да болю бліжняга, неабыякавага да бацькоў і аднагодкаў? Праблема духоўна-маральнага выхавання з’яўляецца асабліва актуальнай. У гэтым накірунку настаўнікі працуюць не адзін год.

23 лістапада адбыўся чарговы семінар пад назвай “Узаемадзеянне з Беларускай Праваслаўнай царквой: праблемы і перспектывы”. Арганізатарам дадзенага мерапрыемства выступіў аддзел адукацыі Дзятлаўскага раёна, экскурсаводам па святынях – благачынны цэркваў Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель.

У час семінара ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з таямніцамі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, даведаліся аб месцы з’яўлення Жыровіцкай Божай Маці і тых цудах, якія адбываліся пасля. Цікавымі былі звесткі аб працы і подзвігах мітрапаліта Іосіфа Сямашкі і іншых святароў, дзякуючы якім святыня захавалася да нашых дзён. Зусім хутка, у 2020 годзе, плануецца святкаванне 550-годдзя з’яўлення Жыровіцкай іконы.

Наступным прыпынкам у нашым падарожжы стала вёска Вялікая Кракотка. Яшчэ здалёк з правага боку нас гасцінна вітае храм Ражства Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны ў 1883 годзе. Цяпер ён аднаўляецца, разбудоўваецца, пашыраецца. А ў другім канцы Кратоткі дзейнічае яшчэ адзін храм святога прарока Іаана Прадцечы. У 2009 годзе распачаў сваю дзейнасць Свята-Засіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр. А яшчэ праз год у гэтую мясцовасць была дастаўлена ікона “Скоропослушница”, напісаная манахамі на Святой гары Афон спецыяльна для манастыра.

З пачуццем душэўнай раўнавагі, лёгкасцю, словамі падзякі тым, дзякуючы каму адбыўся семінар, вярталіся дамоў. Вырашылі ўсе атрыманыя веды, адчуванні перадаць сваім вучням і абавязкова запэўніць іх у тым, што самае галоўнае ў жыцці – вера, якая дапамагае жыць, тварыць дабро, імкнуцца да светлага і радаснага. Гэта вера ў Бога і Божую дапамогу.

Іна ВАНЧУК,
удзельніца семінара, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №1 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *