Чым расплачваюцца за гарэлку?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы, пытанне аб магчымасці вяртання дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі.

Адправяцца да бацькоў, а не да маці

Трое дзяцей былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў маці і двух біялагічных бацькоў. У ліку галоўных прычынаў сямейнага недабрабыту – недастатковае выкананне бацькамі сваіх абавязкаў, няўменне рацыянальна выкарыстоўваць грошы, фарміраванне значных запазычанасцяў. На жаль, гора-маці сама выхоўвалася ў дзіцячым доме і не мела дастатковых бытавых навыкаў. Жанчына атрымлівала аліменты і дапамогу на дзяцей, але не траціла грошы на аплату камунальных паслугаў, часам не плаціла і за дзіцячы садок. Затое сям’я набывала новую мэблю ў растэрміноўку, хаця і ранейшая была добрай.

Пасля адабрання непаўналетніх больш сур’ёзна да сітуацыі, якая склалася, аднесліся менавіта мужчыны. Кожны з іх пастараўся зрабіць усё магчымае, каб вярнуць дзяцей, і гэта ў іх атрымалася.

Дарэчы, маці не было на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, дзе вырашалася пытанне аб магчымасці вяртання дзяцей у сем’і. Жанчына на той момант знаходзілася ў бальніцы. Канчатковае рашэнне, ці будзе яна выконваць бацькоўскія абавязкі, прыме суд. А вось члены камісіі палічылі магчымым вярнуць непаўналетніх іх біялагічным бацькам. Так, хлопчык будзе гадавацца ў адной сям’і, яго сястрычкі – у другой. Праўда, на пасяджэнні камісіі мужчыны паабяцалі падтрымліваць паміж сабой сувязь, каб поўнасцю не разлучаць дзетак.

Узяў пакатацца – забыўся вярнуць

Толькі юны ўзрост выратаваў непаўналетняга ад крымінальнай адказнасці за крадзеж веласіпеда, але на яго бацькоў былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў і супрацьпраўны ўчынак сына. Як жа ўсё адбывалася?

Падлетак заўважыў веласіпед на адным з падворкаў і, паколькі раней гаспадары дазвалялі яму катацца на гэтым транспартным сродку, узяў яго на гэты раз без дазволу. Магчыма, кепскі ўчынак застаўся б незаўважаным, каб хлопец своечасова вярнуў веласіпед на месца. Аднак непаўналетні карыстаўся ім на працягу некалькіх дзён, аж пакуль сын гаспадыні веласіпеда не заўважыў зламысніка і не звярнуўся ў міліцыю. Увесь гэты час бацькі юнага правапарушальніка ігнаравалі факт з’яўлення на падворку чужой рэчы. Свае паводзіны патлумачылі так: “Да сына часта прыязджаюць сябры і пакідаюць свае веласіпеды”.

За няўважлівасць і маці, і бацьку давядзецца заплаціць штрафы – па 0,5 базавай велічыні кожнаму. Сам юны злодзей на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх паабяцаў больш не браць чужое.

На гарэлку грошы ёсць, на дзіцячы сад – няма

У камісію па справах непаўналетніх паступіла хадайніцтва разгледзець паводзіны бацькоў, якія адмоўна ўплываюць на выхаванне сына і дачкі. Сям’я знаходзіцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, раней непаўналетніх ужо прызнавалі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, аднак адпаведных высноваў для сябе дарослыя не зрабілі. Цяпер сітуацыя зноў абвастрылася. Злоўжываюць спіртным і бацька, і маці, паміж імі рэгулярна адбываюцца сваркі і скандалы, сведкамі якіх з’яўляюцца дзеці. Гэта не адзіная праблема: у сям’і назапашваецца запазычанасць па камунальных плацяжах, засталася запазычанасць і за дзіцячы сад, хаця сёлета сын ужо стаў першакласнікам. Пры гэтым бацька дзяцей нідзе не працуе, “перабіваецца” часовымі заробкамі. Мужчына неаднаразова праходзіў лячэнне ад алкагольнай залежнасці, аднак станоўчых вынікаў яно не дало.

На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх маці і бацька прынеслі квіткі аб праходжанні чарговай кадзіроўкі, сцвярджалі, што да лячэння не ўжывалі спіртнога некалькі дзён. Дактарамі-нарколагамі пры кадзіроўцы ім быў уведзены спецыяльны прэпарат, несумяшчальны з алкаголем. Наколькі гэта вынікова – пакажа час. А пакуль сям’я знаходзіцца пад узмоцненым кантролем спецыялістаў службаў прафілактыкі. Бацьку далі тыдзень на працаўладкаванне.

Цана за спіртное – лёс сына

Для прафілактычнай гутаркі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх была выклікана жыхарка райцэнтра, якая гадуе сына. Запрасілі ў райвыканкам і бацьку хлопчыка, з якім жанчына разведзена. Дарослыя праігнаравалі павесткі, паставіўшы на карту лёс дзіцяці. Ужо праз некалькі дзён было сабрана тэрміновае пасяджэнне камісіі, на якім вырашалася пытанне аб прызнанні хлопчыка маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. На жаль, бацька не прыехаў і на гэты раз.

Маці ж трымала адказ за свае паводзіны. Жанчына злоўжывае спіртнымі напоямі, надоўга не затрымліваецца на рабоце ў наймальнікаў з-за шматлікіх прагулаў без уважлівых прычын. Так, з мая гэтага года яна памяняла два месцы працы, а некалькі дзён таму зноў была звольнена, бо працавала п’яная (3,3 праміле).

Жыве няпоўная сям’я разам з прабабуляй хлопчыка. У непаўналетняга ёсць усё неабходнае ў быце, абсталяваны рабочае месца, месца для сну, аднак малому не хапае клопату і ўвагі бацькоў. Затое ў доме часта бываюць нежаданыя госці – асобы асацыяльных паводзінаў, якія ўжываюць спіртное з гора-маці, што неаднаразова заўважалася спецыялістамі службаў прафілактыкі. У такія моманты аб дзіцяці клапаціцца няма каму, калі не лічыць прабабулю, але яна – чалавек сталых гадоў, ёй самой ужо не перашкодзіла б дапамога.

Паколькі хлопчык непатрэбны ні аднаму з бацькоў, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аднагалосна прызналі яго маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Пакуль дзіця будзе знаходзіцца ў сацыяльным прытулку, бацькі, як абавязаныя асобы, павінны будуць пагашаць расходы на яго ўтрыманне. Каб выправіць сітуацыю і вярнуць сына, маці неабходна прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, поўнасцю памяняць сваё жыццё.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *