Свет любові і згоды – “Планета Сям’я”

Грамадства Свежыя навіны

Мудрыя людзі кажуць: “Сям’я – вось для чаго варта прачынацца кожны дзень, дыхаць кожную секунду і маліць Бога кожнае імгненне”. Аднак гэты бясцэнны дар ёсць не ва ўсіх. І ўсё ж, у нашых сілах падарыць цяпло сямейных зносінаў дзецям, якія па розных прычынах сталі сіротамі.

Для папулярызацыі сямейных формаў уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, павышэння аўтарытэта замяшчальных сем’яў, аддзел выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі арганізавалі і правялі конкурс прафесійнага майстэрства замяшчальных бацькоў пад запамінальнай назвай – “Планета Сям’я”.

Хто ж “засяліў” гэту ўтульную планету? У сёлетнім конкурсе прынялі ўдзел сем’і з розных рэгіёнаў Прынёманскага краю. Дзятлаўшчыну ў Гродне прадстаўляла дружная, творчая, крэатыўная сям’я Аляксандры і Віктара Жыляніных, якія гадуюць двух сваіх і двух прыёмных дзяцей. Жыляніны сталі пераможцамі раённага этапу конкурсу, прайшлі завочны адбор у вобласці і такім чынам “атрымалі пуцёўку” ў фінал.

На сцэне Палаца творчасці дзяцей і моладзі горада Гродна ім давялося сустрэцца з яшчэ васьмю замяшчальнымі сем’ямі, бацькі якіх таксама ўзялі на сябе вялікую адказнасць за лёсы прыёмных дзяцей і кожны дзень дораць ім сваю любоў, пяшчоту, увагу.

У горад на Нёмане Жыляніны прывезлі выставу дзіцячых работ і відэаролік пра свае будні. Іх візітоўкай стала песня-аповед, своеасаблівая напалову жартоўная, напалову сур’ёзная гісторыя станаўлення іх замяшчальнай сям’і. Яе пад гітару выконваў тата, а мама і дзеці былі дзеючымі асобамі.

І хоць нашы землякі не трапілі ў лік пераможцаў конкурсу “Планета Сям’я”, дахаты яны вярнуліся з падарункамі і багажом новага вопыту, паколькі падобныя мерапрыемствы – гэта яшчэ і пляцоўка для новых цікавых знаёмстваў і пашырэння ведаў. Застаецца адзначыць, што прыёмныя бацькі Аляксандра і Віктар Жыляніны – гэта ўжо пераможцы, паколькі кожны з іх не толькі займаецца любімай справай, але і дорыць цеплату сямейных зносінаў чатыром дзецям, у якіях ёсць надзейныя шанцы вырасці годнымі людзьмі і трывала трымацца сваіх сямейных каранёў.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *