Сэрца, адкрытае для людзей

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Калі зайсці ў сабор святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве ў час службы, абавязкова сустрэнеш тут Алену Лукіянец.

Алена Міхайлаўна ўжо каторы год нясе адказнае служэнне – з’яўляецца старшай сястрой сястрынства ў гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Пастаянныя прыхаджане храма ведаюць яе як чалавека мудрага, чулага, шчырага.

У верасня Алена Лукіянец адсвяткавала свой юбілейны дзень нараджэння. У свята юбілею яна пачула шмат цёплых пажаданняў ад родных і блізкіх, атрымала паштоўкі, тэлефонныя званкі ад былых вучняў, бо Алена Міхайлаўна яшчэ і ветэран педагагічнай працы.

Сеяць разумнае, добрае, вечнае ў душах людзей – свядомы выбар нашай зямлячкі. Яна ўраджэнка вёскі Петрукі, выпускніца сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Алена Міхайлаўна ў свой час з чырвоным дыпломам скончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, працавала заатэхнікам-селекцыянерам у калгасе “Дворышча” на Лідчыне. Але душа шукала чагосьці большага. І Алена Міхайлаўна паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці “Хімія і біялогія”. Педагагічную дзейнасць пачынала ў Лідскім раёне, затым разам з мужам працавала ў Мяляхавіцкай школе, але самы працяглы перыяд, аж да выхаду на пенсію, яна настаўнічала ў Дзятлаўскай школе-інтэрнаце. Казаць “настаўнічала”, можа, і няправільна – там яна была “мамай” для дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак. У педагогаў інтэрнатных установаў сапраўды адметная, асаблівая работа. Дзеці-сіроты ўспрымаюць іх як блізкіх людзей, таму даводзіцца быць надзвычай чулымі і адказнымі, каб пасеяць у параненых лёсам дзіцячых сэрцах зернейкі дабра, выхаваць сірот самастойнымі, годнымі людзьмі. У школе-інтэрнаце Алена Міхайлаўна была настаўніцай, выхавальнікам, вяла гурток “Умелыя рукі”, таму ёй шмат часу даводзілася праводзіць з дзецьмі, размаўляць з імі, суцяшаць пакрыўджаных, правяраць урокі, абмяркоўваць жыццёвыя сітуацыі, вучыць дабру. І варта зазначыць, што многія выхаванцы школы сталі някепскімі людзьмі.

Пасля выхаду на пенсію Алена Лукіянец яшчэ некалькі гадоў працавала выхавальнікам у “Баравічку”, ліфцёрам у санаторыі “Радон”, затым усё больш часу стала праводзіць у храме. А калі пры царкве з’явілася сястрынства, яе, як чалавека з багатым жыццёвым і педагагічным вопытам, сёстры выбралі старшай. І вось ужо колькі гадоў старшая сястра Алена спраўна нясе сваё служэнне.

Сястрынства ў гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай пад апекаваннем свайго духоўніка протаіерэя Мікалая Пінчука займаецца справамі дабрачыннасці і міласэрнасці. 20 сёстраў на чале з Аленай Лукіянец наведваюць адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў дома, аказваюць ім пасільную дапамогу ў вырашэнні бытавых праблем, перадаюць рэчавыя і прадуктовыя ахвяраванні малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, з бацюшкам апякаюць усіх гэтых людзей духоўна, а таксама рэгулярна бываюць у бальніцы і сацыяльных установах горада, дзе рыхтуюць жадаючых да споведзі і прычасця, праводзяць духоўныя гутаркі. Невялікія ўрокі дабрыні ладзяць сёстры і для выхаванцаў дашкольных установаў нашага горада. Але, мяркую, самая нялёгкая і адказная справа сястрынства – гэта кансультаванне цяжарных жанчын, якія прынялі рашэнне пазбавіцца ад дзіцяці. Па дамоўленасці з бальніцай без такой гутаркі не праводзіцца ні адзін аборт. Размовы даюць плён: на рахунку сястрынства 14 выратаваных дзетак. Іх далейшым жыццём сёстры шчыра цікавяцца, наведваюць сем’і і пры неабходнасці прывозяць адзенне і прадукты.

Ужо традыцыйнымі для сястрынства сталі акцыі “Благословен гряды во имя Господне” (у Вербную нядзелю прадаюць вербачкі, а заробленыя грошы трацяць на дабрачыннасць), “У бога ўсе жывыя” (прыбіраюць на магілах святароў), “Дапаможам гадаваць Сонечку разам” (падтрымліваюць сям’ю трохгадовай дзяўчынкі, маці якой памерла) і іншыя. Алена Міхайлаўна і сёстры клапоцяцца аб убранстве храма, ва ўсім дапамагаюць айцу Мікалаю, стараюцца ўзрошчваць у сваіх душах сястрынскую любоў да людзей.

Нялёгка чалавеку несці зямны крыж. Вялікай духоўнай падтрымкай для сябе Алена Лукіянец лічыць малітву і паломніцтвы па святых мясцінах. Расказвае, што аб’ездзіла Беларусь, амаль усю Расію, бывала ва Украіне. Валаам, Пачаева, Кіева- і Пскова-Пячэрская лаўры, Дзівеева, толькі адна мара пакуль застаецца неажыццяўлёнай – з’ездзіць у Іерусалім.

Шмат радасных хвілін прыносяць Алене Лукіянец захапленні рукадзеллем і развядзеннем кветак. У яе на ўчастку выдатна сябе адчуваюць лілеі розных сартоў, цяпер радуюць багаццем фарбаў астры, наступнымі гаспадыня збіраецца “прыручыць” ружы.

Родныя, блізкія па духу людзі, педагогі Дзятлаўшчыны зычаць Алене Міхайлаўне даўгалецця, каб памножыліся яе справы міласэрнасці і да Бога ўзносіліся шчырыя малітвы.

Ірына КАЎКЕЛЬ  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *