Работа секцыі “Дзятлаўшчына ў Найноўшы час”

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Праграма навукова-практычнай канферэнцыі, акрамя пленарнага пасяджэння, уключала дзве тэматычныя секцыі. Адна з іх – “Дзятлаўшчына ў Найноўшы час” – працавала ў гімназіі №1 горада Дзятлава.

Тэматыка прадстаўленых дакладчыкамі матэрыялаў адлюстравала даволі шырокі спектр краязнаўчых даследаванняў па найноўшай гісторыі і турыстычных магчымасцях нашага рэгіёна. У рамках пасяджэння секцыі сярод навукоўцаў з дакладамі выступілі і нашы зямлячкі. Так, настаўніца гімназіі №1 горада Дзятлава Алена Радомская прадставіла даклад на тэму “Роля яўрэйскага насельніцтва ў эканамічным і культурным развіцці мястэчка Дзятлава да пачатку Другой сусветнай вайны”. Навучэнкі гімназіі таксама падрыхтавалі два даклады. Валерыя Касіла – на тэму “Вялікая Айчынная вайна і дзеці: катэгорыі знішчаных, фактары выратавання і выжывання”, Яўгенія Лявончык – на тэму  “Культура памяці ў манументальных помніках і калектыўнай свядомасці сучаснікаў. Турыстычная прывабнасць горада Дзятлава: праблемы і шляхі рашэння”.

Магчымасці для развіцця турызму ў рэгіёне ў сваім даследаванні прааналізавала таксама дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Альбіна Семянчук. Яна лічыць, што ў нашым раёне захавалася дастаткова гістарычных аб’ектаў, здольных прыцягнуць увагу турыстаў. Увогуле, тэма выклікала жывую цікавасць прысутных.

Змястоўным і не менш цікавым быў даклад Івана Сацукевіча, aсістэнта Інстытута сацыяльна-эканамічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (Мінск) «Тапанімічная спадчына Дзятлава». Ён расказаў, дзе ў райцэнтры знаходзіліся вуліцы Памарайская, Касцёльная, Дварэцкая і многія іншыя, якія назвы яны маюць цяпер.

– Ці ведаеце вы, што такое рубрыцэлі? – заінтрыгавала прысутных пытаннем старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Раіса Зянюк. З яе доследу стала вядома, што гэта касцёльныя даведнікі, з якіх можна пачарпнуць некаторыя звесткі аб каталіцкім духавенстве, парафіянах, тэрыторыі.

Слушнымі былі даклады іншых навукоўцаў-даследчыкаў. Пра нашага знакамітага земляка Ігната Дварчаніна расказала Алена Дзенісенка, Ілья Чарняўскі аналізаваў асабовы састаў партызанскіх фарміраванняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі раёна ў Вялікую Айчынную вайну, Алена Трубчык расказала пра Дзятлаўшчыну ў гады польска-савецкай вайны.

Ірына СТЫРНІК

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *