Усё, што дзеткам трэба для школы

Грамадства Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Падарункі ад гасцей з Люксембурга атрымалі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры ў Дзятлаве.

Раней мы расказвалі пра гуманітарную дапамогу Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ад сямейнай пары з Люксембурга.

У гэтым годзе Рэнэ і Жуэль правялі на Дзятлаўшчыне больш за тыдзень і паспелі зрабіць шмат добрага і шчодрага. Значныя і патрэбныя падарункі яны перадалі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр у Дзятлаве. «Сябры ахвяраў Чарнобыля» –  назва дабрачыннай арганізацыі з Люксембурга, прэзідэнтам якой з’яўляецца Рэнэ Фіш.

Сімвалічна, што Рэнэ і Жуэль прыехалі менавіта да пачатку навучальнага года, калі дзецям больш за ўсё неабходна дапамога ў падрыхтоўцы да школы, а ў Беларусі дзейнічае акцыя “Збяром дзіця ў школу”. Для дзяцей Дзятлаўскага СПЦ сямейная пара набыла пісьмовыя сталы, школьныя прылады. Дзякуючы ім, цяпер ва ўстанове адукацыі абноўлены і добраўпарадкаваны ванны пакой, з’явіліся новыя камп’ютары і сістэмныя блокі, канапа, вялікі дыван у гульнявым пакоі, сучасныя цюлі і шторы, пыласос, уборачны інвентар, бытавыя сродкі і сродкі асабістай гігіены.

Дарэчы, муж і жонка прыязджаюць у наш раён амаль штогод на працягу ўжо 20-ці гадоў. У Дзятлаўскім сацыяльна-педагагічным цэнтры да іх адносяцца як да родных і заўсёды з нецярпеннем чакаюць.

– Чаму менавіта Дзятлава? – пытаюся ў замежных гасцей.

– Больш за 20 гадоў таму ў нас жыў Віктар з Дзятлава, – тлумачыць Жуэль.

Як вядома, дзеці пэўных катэгорый часта адпраўляюцца на аздараўленне ў замежныя сем’і. Хлопчык Віктар з Дзятлаўскай школы-інтэрната трапіў у люксембургскую сям’ю Фіш для часовага пражывання. Ад яго сям’я даведалася пра Дзятлаўшчыну, і вось ужо два дзясяткі гадоў яны амаль штогод прыязджаюць са значнай дапамогай для дзятлаўчан, якія маюць патрэбу.

Падрыхтоўка да паездкі ў Дзятлава няпростая і патрабуе вялікіх клопатаў. У Люксембургу валанцёры пякуць розныя кандытарскія вырабы – вафлі, тарты, пірожныя – спецыяльна для таго, каб прадаваць у Калядныя святы, а атрыманыя грошы збіраюць для дапамогі людзям невялікага беларускага горада.

Раней Рэнэ Фіш быў дзяржаўным чыноўнікам і займаў высокую пасаду, Жуэль таксама працавала ў офісе. Цяпер яны на пенсіі.

Сям’я вельмі любіць жывёл і прыехала ў Дзятлава са сваімі гадаванцамі –  сабакамі Кірай і Гізі. Госці з Люксембурга заўсёды падарожнічаюць разам з калматымі сябрамі, якіх у сям’і чатыры.

З-за любові да братоў меншых Рэнэ і Жуэль не змаглі быць абыякавымі і да прытулка для жывёл. Даведаліся праз інтэрнэт, што такі прытулак ёсць у Брэсце, купілі шмат  корму для жывёл і аказалі кіраўніцтву фінансавую дапамогу ў будаўніцтве новага будынка на тэрыторыі гадавальніка.

Замежныя госці – прыхільнікі прыроды. Жуэль вельмі марыла ўбачыць у Беларусі бусла, і ў гэтым годзе яе мара ажыццявілася. Бусел прыйшоў сам да аграсядзібы ў Цяцейках на Дзятлаўшчыне, дзе спынялася сям’я Фіш. Да таго ж, дырэктар Дзятлаўскага сацыяльна-педагагічнага Ала Жэгалік цэнтра падарыла гасцям ад дзяцей і калектыву скарбоначкі ручной работы з малюнкам бусла – прадвесніка шчасця.

Пры знаёмстве з гэтай люксембургскай парай ствараецца ўражанне, што сімвал іх жыцця – любоў. Любоў адзін да аднаго, да чужых людзей, да жывёл, да прыроды, увогуле – любоў да жыцця. У іх два дарослыя сыны, адзін з якіх нядаўна ажаніўся, таму сям’я расце. Рэнэ і Жуэль уласным прыкладам прывіваюць сваім дзецям каштоўнасць сям’і, і не можа быць сумненняў, што прозвішча Фіш яшчэ шмат пакаленняў будзе славіцца сваёй шчодрай душой і шчырасцю. У дабрыні і суперажывання няма нацыянальнасці, як і няма прафесіі. Гэта ідзе з сэрца.

Юлія БАКУНОВІЧ



1 комментарий по теме “Усё, што дзеткам трэба для школы

Добавить комментарий для Татьяна Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *