Службам прафілактыкі – актывізаваць работу

Важнае Здарэнні і бяспека

У першым паўгоддзі 2018 года адбыўся рост злачынных дзеянняў, учыненых падлеткамі, з 4 да 6 (адно хуліганства, адзін угон і чатыры крадзяжы). Палова з іх учынена ў складзе групы.

Варта адзначыць, што ўсе непаўналетнія, якія ўчынялі злачынствы на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, з’яўляліся жыхарамі суседніх раёнаў – Зэльвенскага, Мастоўскага, Навагрудскага і горада Слоніма. Тым не менш, гэта не знімае адказнасці з суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна, паколькі непаўналетнія прадаўжаюць учыняць злачынствы.

Так, у вытворчасці раённага аддзела Следчага камітэта знаходзіцца крымінальная справа на непаўналетняга С., 2003 года нараджэння, жыхара вёскі Мядзвінавічы. У чэрвені 2018 года з жаночай сумачкі, якая знаходзілася на стале ў калідоры Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы, ён скраў 50 рублёў.

За студзень-чэрвень 2018 года да адказнасці прыцягнуты тры асобы, якія ўцягвалі падлеткаў у антыграмадскія паводзіны шляхам спойвання, тры прадаўцы, якія рэалізавалі непаўналетнім алкаголь, а таксама 14 непаўналетніх, якія парушылі антыалкагольнае заканадаўства.

Вострай застаецца праблема забеспячэння палавой недатыкальнасці непаўналетніх. За справаздачны перыяд 2018 года ахвярамі злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 166-168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, сталі шэсць непаўналетніх Дзятлаўскага раёна.

Абстаноўка, якая складваецца, патрабуе кардынальных змяненняў у дзейнасці ўсіх суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў у падлеткавай сферы.

У другім паўгоддзі трэба прадоўжыць работу па ўдасканаленні правядзення прафілактычных мерапрыемстваў у падлеткавым асяроддзі, актывізаваць работу па тлумачэнні навучэнцам школ дзеючага заканадаўства і адказнасці за распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў у сетцы Інтэрнэт. З улікам сітуацыі па падлеткавай злачыннасці ў другім паўгоддзі 2018 года на раённым каардынацыйным сходзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй запланавана разгледзець пытанне “Аб прафілактыцы злачыннасці непаўналетніх на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна”.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *