Ці пазнаюць дзеці школу?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У перыяд летніх канікул установы адукацыі Дзятлаўскага раёна актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года.

Сёлета для таго, каб сустрэць 1 верасня ў абноўленых будынках школ, будзе выкарыстана прыкладна 2,5 мільёна рублёў. У асноўным гэта бюджэтныя грошы. Асаблівая ўвага нададзена капітальнаму рамонту Казлоўшчынскай сярэдняй школы. У былым будынку Казлоўшчынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя праводзяцца будаўніча-мантажныя работы для стварэння асобнага корпуса школы. Усе работы плануецца завяршыць да 31 жніўня, а 1 верасня ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыць новы будынак навучальнай установы.

– Мы стараемся стварыць камфортныя ўмовы для адукацыйнага працэсу. Дадам, што на капітальны рамонт Казлоўшчынскай сярэдняй школы (былы будынак ліцэя) па інвестыцыйным праекце раённага маштабу выдзелены 1 мільён 28 тысяч рублёў. Раней у дадзенай установе адукацыі праводзіліся рамонтныя работы, і сума сродкаў, якая была рэалізавана, складала 900 тысяч рублёў, – тлумачыць начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус. – Мне хочацца выказаць словы ўдзячнасці нашым органам улады: Гродзенскаму абласному выканаўчаму камітэту, упраўленню адукацыі, Дзятлаўскаму райвыканкаму за тое, што ўсе нашы пытанні па падрыхтоўцы да новага навучальнага года вырашаюцца.

Па словах Наталлі Сяргееўны, у Казлоўшчынскай сярэдняй школе вядзецца поўны капітальны рамонт. На дадзеным этапе 90% работ выканана, вялікая ўвага надаецца і добраўпарадкаванню тэрыторыі. Трэба адзначыць, што ў будынку школы зроблены капітальны рамонт даху, заменены аконныя блокі. Ужо 8 жніўня «пад ключ» здадзены ўвесь трэці паверх. Застанецца справа за малым: мыццё вокнаў, падлогі, расстаноўка мэблі. Усяго ва ўстанове адукацыі чатыры паверхі.

Генпадрадчыкам на дадзеным аб’екце будаўніцтва з’яўляецца Лідская ДСПМК-72, на субпадрадзе знаходзяцца ААТ «Будкомплекс» горада Дзятлава, ААТ «ПМК-143» горада Ваўкавыска, СТ-32 горада Ваўкавыска, Гродзенская СПМК-62.

Пасля 1 верасня ў адміністрацыйна-гаспадарчым корпусе будуць праводзіцца рамонтныя работы актавай і спартыўнай залаў.

Асобную падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года Наталля Сяргееўна выказвае бацькам навучэнцаў і педагогам:

– Спадзяюся, агульнымі намаганнямі школа будзе падрыхтавана, і 1 верасня дзеці змогуць ацаніць абнаўленні, будуць берагчы тое, што для іх стваралася.

У новым будынку Казлоўшчынскай сярэдняй школы (былым будынку ліцэя) стануць навучацца дзеці 5-11 класаў. Для іх будуць дзейнічаць усе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі: камп’ютарныя класы, сучасныя навучальныя кабінеты. У старым будынку застанецца пачатковая школа. Дарэчы, там капітальны рамонт праводзіўся ў 2014 годзе, таму для адукацыйнага працэсу там таксама добрыя ўмовы.

У мінулым годзе ў Казлоўшчынскай школе праходзіла мадэрнізацыя харчблока. З’явілася новае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, быў выкананы капітальны рамонт памяшкання.

Створаны ўсе неабходныя ўмовы для якаснай арганізацыі харчавання дзяцей.

Юлія БАКУНОВІЧ



Теги:

1 комментарий по теме “Ці пазнаюць дзеці школу?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *