Вянок — да мужа, бусел — да дзяцей. Купалле ў Жукоўшчыне

Свежыя навіны

Каля возера ў  Жукоўшчыне сабрала жыхароў і гасцей аграгарадка свята Купалле. Увечары атмасфера напаўнялася чараўніцтвам. 

Павітаць усіх прысутных прыйшлі Купаліш з Купалінкай, пажадалі добрага настрою і самага галоўнага ў гэтае свята — знайсці папараць-кветку.

Невядома адкуль на забаўляльнай пляцоўцы з’явіліся чэрці, якія спрабавалі напалохаць гасцей свята і сапсаваць канцэртную праграму. Але ў іх нічога не атрымалася: як вядома, дабро перамагае зло.

Тым часам завітала на свята і гаспадыня-Купаліца, паклікала дзяўчат наплесці купальскіх вянкоў і пусціць іх па вадзе.

Конкурс на лепшы вянок аб’яднаў удзельніц, нягледзячы на тое, што паміж сабой яны былі саперніцамі.

Самую маленькую прыгажуню гледачы гучнымі апладысментамі вызначылі пераможцай, а арганізатары конкурсу ўручылі ёй прыемны падарунак.

Потым дзяўчынкі разам пайшлі да возера, каб пусціць свае вяночкі па вадзе: чый вянок хутчэй паплыве, тую і замуж хутчэй возьмуць.

Так і не разабраліся, у каго хутка вяселле адбудзецца, а каму ў дзеўках прыйдзецца сядзець, бо вяночкі плавалі то сінхронна, то кожны ў сваім напрамку.

Для тых, хто хацеў даведацца пра свайго будучага мужа, варажбітка правяла прадказані. У мяшочак са збожжам апускалі залатое і срэбнае пярсцёнкі: калі дзяўчына даставала залатое, то чакаць ёй мужа багатага, калі срэбранае — простага і добрага.

Пакуль дзяўчаты на жаніхоў гадалі, над возерам пралятаў бусел. Гавораць, што гэта да з’яўлення дзіцяці. Хто ведае, магчыма, у кагосьці з тых, хто вырашыў зазірнуць у будучыню, хутка сапраўды з’явіцца свая сям’я.

Яшчэ адна з галоўных традыцый купальскага свята – пошукі папараці-кветкі, якая абавязкова прынясе каханне і шчасце. Часцей за ўсё чароўную кветку шукаюць жанчыны, але ў Жукоўшчыне папараць-кветку ўдалося знайсці маладому мужчыне. Кветка «спрацавала» адразу, бо мужчыне пашанцавала атрымаць прыз ад арганізатараў свята.

Са сцэны на працягу вечара гучалі купальскія песні ад раённых артыстаў, а фальклорны калектыў вёскі Погіры вучыў прысутных танцаваць кракавяк, польку і іншыя народныя танцы.

Адным з доўгачаканых момантаў свята было запальванне вогнішча. Купаліца распарадзілася запаліць яго, калі стала цямнець, і ад яркіх колераў з’явілася ўражанне, што сонца ўвогуле не садзілася за гарызонт.

Шчаслівыя твары людзей былі доказам таго, што свята адбылося выдатнае. На беразе возера народ кружыў у карагодзе, падпяваў песні і праводзіў прыгожы чырвоны закат.

Юлія БАКУНОВІЧ

 

Стоит почитать:

Праздник Ивана Купала в Козловщине

Купалье в агрогородке Гезгалы

На Купала сонца грала



Теги:

1 комментарий по теме “Вянок — да мужа, бусел — да дзяцей. Купалле ў Жукоўшчыне

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *