У энергічнага, разважлівага галоўнага агранома КСУП “Дварэц-Агра” Сяргея Лабара – рабочае месца – бяскрайнія палі.
Герою нашай сустрэчы жыццё дало магчымасць працаваць на зямлі, а прырода адарыла талентам “чытаць” прыродныя з’явы.
Родам Сяргей з вёскі Раготна Дзятлаўскага раёна. Тут ён рос, вучыўся, скончыў сярэднюю школу.
Вучыўся ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, затым у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.
Пасля атрымання дыплома малады спецыяліст уладкаваўся на работу ў СВК “Раготна” на пасаду агранома, але ўжо праз тры месяцы працы быў прызваны на воінскую службу. Сяргей Лабар цвёрда ўпэўнены: кожны мужчына павінен прайсці ваенную школу, бо менавіта яна фарміруе трываласць, дысцыпліну, адказнасць, а гэта шмат у чым дапамагае і ў рабоце, і ў жыцці ў цэлым. Пасля службы ў арміі планаваў уладкавацца працаваць у міліцыю, але ў час, калі рыхтаваліся дакументы, перадумаў і вырашыў вярнуцца ў сельскую гаспадарку.
– Чаму менавіта гэтая праца вас так цікавіла?
– Земляробства было знаёма мне з дзяцінства. Я рос у сям’і, дзе цяжкая аграрная справа стала крыніцай сямейнага забеспячэння. Ужо з 15 гадоў дапамагаў бацьку на палях. Асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаліся аграрыі, былі добра мне вядомы і таму не страшылі. Таксама парады давалі старэйшыя таварышы, аднавяскоўцы, якія працавалі ўжо ў той час у сельскай гаспадарцы, а сёння з’яўляюцца маімі калегамі.
З 2011 года пасада агранома-аграхіміка ў КСУП “Дварэц-Агра” стала новым этапам у прафесійнай дзейнасці Сяргея Лабара.
Тут ён працуе ўжо дванаццаць гадоў, апошнія два гады – галоўным аграномам. У падначаленні Сяргея Лабара – дзясяткі механізатараў і ўся сельгастэхніка. Малады галоўны аграном кожны дзень плануе новы аб’ём работы, сочыць за працай механізатараў, раіцца з імі і спрачаецца.
– Цяжка маладому кіраваць такой колькасцю людзей?
– Цяжка. Нягледзячы на тое, што ў мяне свае абавязкі, а ў іх – свае, справу робім агульную. Вельмі перажываю кожны раз за тое, што даводзіцца дзесьці павысіць голас, і ў той жа час не магу спакойна глядзець, калі на рамонт стала хаця б адна машына, не магу проста стаяць і чакаць, пакуль прыйдзе дапамога ад спецыялістаў. Калі гэта ў маёй кампетэнцыі, калі бачу, што з паломкай змагу справіцца сам, не чакаю прыезду памочнікаў, адразу бяруся за рамонт. Ведаю адно: у самы кароткі час тэхніка павінна працаваць. У аграрыяў выпрабаванняў – хоць адбаўляй, толькі капрызы надвор’я з году ў год чаго каштуюць. Таму, мяркую, што спраўляцца з праблемамі, вырашэнне якіх залежыць ад чалавечага фактару, трэба імкнуцца як мага хутчэй.
Праца галоўнага агранома – справа вельмі адказная і складаная. На ім і своечасовая апрацоўка глебы, і кантроль за правільным унясеннем угнаенняў, затым пасяўная і шчыльны догляд раслін, і нарыхтоўка кармоў, і збор ураджаю. І гэтых “і” – бясконцы пералік сярод аграрных этапаў і працэсаў. За гэта ўсё нясе адказнасць галоўны аграном. А яшчэ неабходна максімальна ўважліва весці дакументацыю, быць у курсе апошніх навуковых дасягненняў, прадуктаў аграрнай вытворчасці, актыўна ўкараняць у працэс вытворчасці новыя тэхналогіі.
– Ад чаго залежаць вынікі вашай працы?
– Галоўным чынам непасрэдна ад людзей, якія задзейнічаны на вытворчасці, людзей, з якімі кожны дзень з ранку да вечара працую. Калі ў агульнай справе ёсць арганізаванасць і адказнасць кожнага работніка, там будзе і прагрэсіўны вынік.
– Здавалася б, прагрэс сёння развіваецца хуткімі крокамі, з’явілася шмат новай тэхнікі, а клопату ў агранома менш не становіцца. І вольнага часу, напэўна, не застаецца?
– Увогуле, я прывык працаваць без выхадных, – дзеліцца Сяргей Лабар, – звыкнуцца з такім тэмпам і занятасцю больш складана для маёй сям’і. Вядома, хочацца больш увагі ўдзяляць сыну, тым больш наступіў перыяд летняга адпачынку, і ў дзяцей з’явілася шмат вольнага часу.
Слухаючы разважанні Сяргея Сяргеевіча, лаўлю сябе на думцы, што аграномы – гэта людзі, якія не ўяўляюць сабе жыцця без ранняга пад’ёму і позняга адбою, без налітага коласа і рокату камбайнаў, без штодзённых праблемаў і пошукаў іх вырашэння.
– Можа, зімой вольнага часу для адпачынку з’яўляецца больш?
– Вы лічыце, зімой я адпачываю? – пытаецца галоўны аграном. Голас у Сяргея спакойны, усмешка стрыманая, валоданне сабой здзіўляе. –Так, гэта не такая напружаная ў фізічным плане пара. У зімовы час у асноўным вядзецца работа па дакументацыі, распрацоўцы севазвароту, выбары палеткаў пад культуры, складаюцца планы прымяненняў угнаенняў і сродкаў аховы. Калі даводзіцца выкраіць вольныя дні, любім усёй сям’ёй вандраваць. Ездзіць любім да родных у Карэлію. У вольныя гадзіны сярод хутка прабягаючых будняў люблю з сынам парыбачыць.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота аўтара