Служыць на карысць людзям

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Выратаванне чалавечага жыцця – неацэнная і вельмі ганаровая праца, якая патрабуе высокай кваліфікацыі, адказнасці і мужнасці.

Прафесіяналізм і адданасць сваёй справе – такія якасці характэрны камандзіру аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці-1 Дзятлаўскага РАНС Ігару Чайкоўскаму.

– Ігар Лявонавіч, ці даўно вы служыце ратаўніком?

– У пажарнай службе я з 1995 года. Рашэнне стаць ратаўніком прыняў у час армейскай службы і да цяперашняга часу ні разу не пашкадаваў аб гэтым.

– А ці ёсць у вас службовае крэда?

– Пастаўленыя задачы неабходна выконваць своечасова. Да ўсяго трэба ставіцца адказна.

– Якія людзі служаць побач з вамі?

– Гэта, у першую чаргу, прафесіяналы сваёй справы, смелыя і адважныя, скрупулёзныя, адказныя ў выкананні пастаўленых кіраўніцтвам задач. Яны валодаюць грунтоўнымі ведамі ў сваёй справе. Кожным з іх кіруе жаданне дапамагаць іншым людзям.

– З улікам свайго вопыту, што параіце маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць працаваць?

– Абавязкова павінна быць жаданне працаваць і вучыцца. Акрамя таго, трэба дэталёва ведаць адпаведную нарматыўную базу, заўсёды правільна прымаць рашэнні і, вядома ж, умець ладзіць з калегамі.

– Ці памятаеце свой першы баявы выезд?

– Такое не забываецца. Першы ў маёй працы пажар адбыўся ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына, гарэў жылы дом. Вопыту тады ў мяне было няшмат, але дапамагалі саслужыўцы. Пажар быў ліквідаваны.

– Ці даводзілася вам ратаваць людзей не ў час нясення службы?

– Так. Аднойчы я выйшаў у свой двор (жыву па вуліцы Камсамольскай), каб прагрэць машыну. Жанчына з суседняга пад’езда падбегла да мяне і сказала, што з кватэры яе суседкі чуваць пах дыму. Дзверы я адчыніць не змог, прыйшлося праз фортку залезці ўнутр (кватэра размешчана на першым паверсе). У кватэры было моцнае задымленне. Гаспадыня ляжала на падлозе без прытомнасці. На газавай пліце, на якой дымілася каструля – жанчына паставіла гатаваць сабе ежу і заснула.

– За гады службы вы, напэўна, маеце ўзнагароды?

– Я ўзнагароджаны медалём “За бездакорную службу ІІІ ступені” і маю значок “Выдатнік МНС”.

– Што пажадаеце сваім саслужыўцам у іх нялёгкай рабоце?

– Усім ратаўнікам – моцнага здароўя, упэўненасці ў будучыні, паменш баявых выездаў.

Таццяна ГРЫЦУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *