Хто Дзятлаўшчыну корміць

Свежыя навіны

Для Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства галоўнай задачай заўсёды была дзейнасць па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна. Прыярытэтнай яна з’яўляецца і цяпер. Спажывецкая кааперацыя ў нашым раёне развіваецца ў кантэксце рэалізацыі дзяржаўных і галіновых праграмаў і мерапрыемстваў. Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства аб’ядноўвае некалькі галін: гандаль, грамадскае харчаванне, нарыхтоўчую дзейнасць, прамысловасць і транспарт.

Намеснік дырэктара Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Валянціна Баравік

 

У спажыўкааперацыі раёна працуюць прыкладна 500 чалавек. Гандлёвую дзейнасць ажыццяўляюць 57 прадпрыемстваў гандлю, 12 з іх – у Дзятлаве, астатнія абслугоўваюць сельскае насельніцтва. Не пакінуты без увагі і жыхары малых населеных пунктаў, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка. Іх абслугоўваюць 7 аўтамагазінаў, якія працуюць па графіку, што ўсталяваны райвыканкамам. Аўталаўкі, як іх часта называюць у народзе, прыязджаюць у населеныя пункты 3 разы на тыдзень. Аўтамагазіны абслугоўваюць больш за 5000 чалавек.

Сярэднямесячны тавараабарот аўтамагазіна складае больш за 25 тысяч рублёў. У кожным «магазіне на колах» працуюць 2 прадаўцы і 2 вадзіцелі.

Самыя ўзорнапаказальныя магазіны ў спажыўкааперацыі нашага раёна – «Родны кут» у Дзятлаве і «Радон». У 12 аграгарадках Дзятлаўшчыны працуюць гандлёвыя кропкі, якія сёлета пераведзены на працу па метадзе самаабслугоўвання. Працуюць магазіны з папярэднімі заказамі насельніцтва. Тавары, якія не ўвайшлі ў асартыментны пералік, можна заказаць, і на працягу 10 дзён заяўка выконваецца.

З пачатку другой паловы 2017 года назіраўся рост тавараабароту, і ў бягучым годзе па сваіх паказчыках Дзятлаўская кааперацыя з’яўляецца першай у вобласці, прагнозны тэмп росту за бягучае паўгоддзе склаў 107 працэнтаў.

Для некаторых спажыўцоў з’яўляецца прыемным тое, што ў магазінах Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства можна набыць тавары ў крэдыт без працэнтаў. На харчовыя тавары крэдыт выдаецца на месяц без даведак аб даходах, а тэрмін крэдыту на нехарчовыя тавары можа складаць 3, 6 і 9 месяцаў. Дастаткова ўнесці толькі 10 працэнтаў першапачатковага ўзносу і прадаставіць даведку аб заработнай плаце, таксама неабходны паручыцель. У мінулым годзе спажыўкааперацыяй было выдадзена крэдытаў на 532 тысячы рублёў.

Начальнік гандлёва-рознічнага ўчастка №1 Алеся Лазута

 

Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства імкнецца рэалізоўваць пастаўленыя задачы. Адным з галоўных паказчыкаў якасці работ кааперацыі з’яўляецца дзейнасць Дзятлаўскага хлебазавода. Аб якасці і смаку дзятлаўскай выпечкі ведаюць многія не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Прадукцыя нашага хлебазавода карыстаецца попытам, яе дастаўляюць у 5 раёнаў Гродзенскай вобласці. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца хлеб фармавы, або цаглінка, як яго прывыклі называць многія. Таксама сваю назву апраўдвае батон «Смачны».

Амаль штогод работнікі хлебазавода ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх выставах і конкурсах, за кожны ўзор прадукцыі атрымлівалі вышэйшыя ўзнагароды.

У цэху, дзе выпякаюцца хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, у месяц у сярэднім вырабляецца да 200 тон прадукцыі. Па такіх паказчыках наш хлебазавод займае 2-е месца ў вобласці.

Калектыў з 33 чалавек працуе на вытворчасці кругласутачна, бо насельніцтва чакае свежага і смачнага хлеба. Булачныя гатункі выпякаюцца і пакуюцца днём, а ноччу ідзе ў асноўным выпечка фармавога хлеба. Варта адзначыць, што нашы вытворцы робяць акцэнт на здаровае харчаванне. Шмат прадукцыі выпрацоўваюць з аўсяных шматкоў, вотруб’я. Гэта карысна для людзей з хворымі органамі стрававання і проста для тых, хто сочыць за сваім здароўем. Хто з дзятлаўчан не спрабаваў пампушкі «Асаблівыя»? У іх склад уваходзіць амарантавая мука, якая прызнана скарбніцай вітамінаў і лепшым харчовым прадуктам ХХІ стагоддзя.

– Вось там замешваецца цеста і перакульваецца ў дзежку для далейшай транспарціроўкі, – праводзіць экскурсію па цэху старшы майстар Лідзія Дайліда. У памяшканні разносіцца водар свежай выпечкі, а гул машын не спыняецца ні на секунду.

Бачым дзялільныя машыны. Падача цеста ў іх робіцца пры дапамозе адмысловых механізмаў. Дзяжа з цестам падкочваецца да перакульніка, замацоўваецца на ім, затым падымаецца, перакульваецца, і цеста з яе вывальваецца ў варонку цестадзяліцеля.

Сфармаваны хлеб ставяць на перасоўныя этажэркі, на якіх адвозяць у камеры для падыходу-расслойкі хлеба. Папярэдняя расслойка доўжыцца прыкладна 20 хвілін.

Прадукцыйнасць хлебапякарнага прадпрыемства пры правільным падборы ўсяго абсталявання якраз вызначаецца прадукцыйнасцю печаў.

Падыходзім да Анжэлы Папроцкай, якая занята пасадкай белага хлеба ў печ. Становіцца невыносна горача, аднак работнікі цэха да такіх умоваў даўно прывыклі і не заўважаюць высокіх тэмператур. У сярэднім хлеб выпякаецца 50-60 хвілін, і за ўсім працэсам трэба старанна сачыць, бо кожная хвіліна, калі не секунда, уплывае на смак і знешні выгляд выпечкі.

– Праца цяжкая, асабліва ноччу. Цэлую ноч 3 чалавекі не адыходзяць ад працоўных месцаў, – дзеліцца Лідзія Дайліда.

Дзятлаўскі хлеб вырабляецца па старой дзедаўскай тэхналогіі на вялікіх заквасках. Яны выстаўляюцца загадзя, бродзяць пэўную колькасць гадзін для таго, каб назапасіліся кісламалочныя бактэрыі. Час закісання залежыць ад тэмпературы, у якой знаходзіцца закваска. За гэтым сочаць тэхнолагі. Гатовае цеста дзеліцца на часткі, замешваецца хлеб. Дадаецца мука, дрожджы і астатняя сыравіна, якая ідзе па рэцэптуры. Замешанае цеста зноў бродзіць хвілін 20-25 і далей ідзе на разделку.

У хлебапякарнай справе ўсё павінна быць разлічана дакладна, як пры вырабе лекаў у аптэцы. Вялікая адказнасць ляжыць на цеставодзе: як ён спрацуе – такі хлеб і атрымаецца. Вядома, у цэлым якасць хлеба залежыць ад дысцыплінаванасці і добрасумленнай працы ўсяго персаналу, а таксама ад правільнай арганізацыі працы. На Дзятлаўскім хлебазаводзе арганізацыя працы наладжана максімальна адказна, ад гэтага – лідзіруючыя пазіцыі і па якасці, і па колькасці хлебабулачнай прадукцыі.

Дзятлаўскі хлебазавод – толькі адзін з відаў дзейнасці Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. А ўвогуле, спажыўкааперацыі па-сапраўднаму ёсць чым ганарыцца: стабільнасцю і імкненнем да росту. Гэта вялікая заслуга кіраўніцтва і калектыву. Вялікі вопыт працы, высокі прафесіяналізм і адказны падыход да справы работнікаў кааперацыі служаць своечасоваму і паўнавартаснаму забеспячэнню жыхароў Дзятлаўшчыны таварамі першай неабходнасці, росту нарыхтоўчай і вытворчай дзейнасці, развіццю гандлю і сферы паслугаў.

Юлія БАКУНОВІЧ

 

Стоит почитать:

ПРОФИЛАКТИЧЕСКАЯ АКЦИЯ КОНТРОЛИРУЕМ ДАВЛЕНИЕ – ПРОДЛЕВАЕМ ЖИЗНЬ!

Депутаты в первом чтении приняли изменения в Трудовой кодекс

Беларусь и Россия актуализируют дорожную карту по снятию ограничений на поставки молочки



Теги:

1 комментарий по теме “Хто Дзятлаўшчыну корміць

  1. Дятловский кирпичик самый вкусный. С этим не поспоришь.

    Рейтинг комментария:Vote +1+5Vote -1-1

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *