Сем’і застаюцца на кантролі

Здарэнні і бяспека

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы, пытанні аб магчымасці вяртання  бацькам дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі.

Не падзялілі танцпол

Сямнаццацігадовы падлетак разам з паўналетнімі сябрамі схадзіў на дыскатэку ў кінатэатр “Спадарожнік” і “зарабіў” адразу тры адміністрацыйныя пратаколы: за тое, што за будынкам кінатэатра выпіў піва, за знаходжанне на дыскатэцы ў стане алкагольнага ап’янення і за ўчыненую бойку.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама хлопец патлумачыў, што піва яму купіў незнаёмы мужчына. На дыскатэку ўдалося прайсці, бо ў паўналетніх сяброў былі з сабой пашпарты, таму яго пашпарт не запыталі. А бойка ў танцзале здарылася з-за таго, што вельмі п’яны мужчына штурхаў усіх, хто танцаваў. Праўда, іншыя наведвальнікі дыскатэкі на падобныя паводзіны нецвярозага чалавека не адрэагавалі, а вось юнак, хоць і сам быў выпіўшы, вырашыў павучыць п’янага “культурным паводзінам”.

Раней хлопец не быў заўважаны ва ўжыванні спіртных напояў і не трапляў у бойкі, таму члены камісіі ў сукупнасці па трох пратаколах прызначылі штраф, сума якога склала тры базавыя велічыні. А юнаку на развітанне параілі быць больш абачлівым, бо хутка яму спаўняецца 18 гадоў, і адказваць за супрацьпраўныя ўчынкі давядзецца па-даросламу.

Шанц быў апошні

Чатыры месяцы спатрэбілася бацьку і яго сужыцельцы, каб вярнуць непаўналетніх дачку і сына.

Як ні дзіўна гучыць, галоўнай прычынай адабрання дзяцей у гэтым выпадку быў не алкаголь, а пастаянная антысанітарыя. Дарослыя не маглі забяспечыць дзецям нармальных умоваў жыцця, нават элементарна чыстай пасцельнай бялізны.

За чатыры месяцы сітуацыя памянялася да лепшага: сям’я атрымала ў якасці дапамогі адзенне і бялізну, дома ёсць прадукты і ўсё неабходнае для непаўналетніх, наведзены парадак у хаце і на прысядзібным участку.

Прынята рашэнне вярнуць сына і дачку, але дарослых папярэдзілі, што гэта іх апошні шанц. Калі сям’я зноў пачне “зарастаць” брудам, бацькоў пазбавяць правоў на дзяцей.

Жыццёвы ўрок не засвоіла

Маці гадуе дачку адна, але так і не здолела зразумець, што дзіцяці патрэбны клопат і ўвага. Раней дзяўчынку ўжо прызнавалі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне – і жанчына змагла наладзіць сваё жыццё. На жаль, памяць у яе аказалася кароткай: яна зноў пачала злоўжываць алкаголем, прагульваць работу, на некалькі дзён пакідаць дачку на родных, якія таксама выпіваюць. Здаралася і так, што аб дзяўчынцы клапацілася бабуля, а гора-маці адшукваў участковы інспектар міліцыі.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама жанчына ліла слёзы і абяцала выправіцца, але гэта не першыя падобныя абяцанні. Маці папярэдзілі, што яна павінна стаць на ўлік да доктара-нарколага і прайсці абавязковае лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Калі жанчыну заўважаць п’янай, дачку забяруць у сацыяльны прытулак, і паўторнае адабранне можа скончыцца пазбаўленнем бацькоўскіх правоў.

Забылася дзяцей у садку

У сям’і, якая знаходзіцца на ўліку як сацыяльна ненадзейная, гадуюцца трое дзяцей, праўда, адзін з сыноў знаходзіцца ў Навагрудскай школе для дзяцей з парушэннямі маўлення. Бацькі наймаюць кватэру і не заўсёды падтрымліваюць у ёй належны парадак, ёсць запазычанасць за дзіцячы сад. Аднак гэта не самае страшнае: маці паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да мужа і іншых людзей, часта “зрываецца” на дзецях, якія яе баяцца, а бацька “залівае” гора алкаголем з-за таго, што не атрымліваецца наладзіць адносіны з жонкай. Здаралася, калі мужчына піў, гора-маці забывалася забраць дзяцей з садка, а можа і наўмысна гэтага не рабіла. Таксама дарослыя праігнаравалі патрабаванне медыкаў абследаваць аднаго з дзяцей у Гродне.

Удзельнікамі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынята рашэнне збіраць дакументы на прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Бацькам далі апошні шанц выправіцца пры ўмове, што маці звернецца па кансультацыю да псіхіятра, бацька – да доктара-нарколага, а дзіця яны нарэшце завязуць на медагляд у Гродна.

Паспрабуе вярнуць давер дзяцей

Чацвёра непаўналетніх былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне паўгода таму. Маці, якая выхоўвала дзяцей, стала на шлях выпраўлення, рабіла ўсё магчымае, каб іх вярнуць. Аднак жанчына мела непагашаную судзімасць і парушыла рэжым адбывання пакарання, з-за чаго яго замянілі на рэальнае пазбаўленне волі.

Вярнуць дзяцей паспрабаваў бацька. Праўда, многія канфліктныя сітуацыі ў сям’і ўзнікалі менавіта з-за яго паводзінаў, і ў тым, што маці цяпер за кратамі, ёсць і яго “заслуга”. Дзеці мала давяраюць мужчыну, і каб наладзіць адносіны з непаўналетнімі і дарослым сынам жанчыны, яму давядзецца шмат старацца. Ідэальнай біяграфіяй бацька не вылучаецца: у яго былі праблемы з алкаголем, але нядаўна ён прайшоў дабраахвотнае лячэнне.

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама ацанілі старанні мужчыны і вырашылі даць яму шанц. Дзеці вернуцца дахаты, але сям’я будзе пад узмоцненым кантролем службаў прафілактыкі яшчэ паўтара года.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі

Стоит почитать:

Вяртанне дзяцей бацькам і аплата запазычанасцяў

Папярэджанні і іск у суд

Папярэджанні і адабранне дзяцей

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *