Станоўчая дынаміка і добрыя вынікі

Улада

15 сакавіка ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Яго тэмы: «2018 год у Беларусі – Год малой радзімы», «Супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў у Рэспубліцы Беларусь. Адказнасць за парушэнне заканадаўства ў сферы наркакантролю», «Захаванне мер грамадскай і асабістай бяспекі ў паводкавы перыяд».

У Раклевіцкім доме культуры працавала інфармацыйная група старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка.

Галоўнымі мэтамі развіцця рэгіёнаў з’яўляюцца забеспячэнне ўстойлівага развіцця іх тэрыторый, паляпшэнне ўмоваў жыцця насельніцтва на аснове забеспячэння эфектыўнай работы гаспадарчага комплексу, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі.

Ключавыя напрамкі рэгіянальнага развіцця вызначаны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады.

У адпаведнасці з Праграмай-2020 вызначаны 62 цэнтры эканамічнага росту (у Гродзенскай вобласці – 8 цэнтраў).

Па даных Міністэрства эканомікі, у 2017 годзе ў 62 цэнтрах эканамічнага росту выкарыстана 13,9 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка адзначыла, што ў Дзятлаўскім раёне экспартны патэнцыял мясцовых прадпрыемстваў штогод павялічваецца. Тэмп росту экспартных тавараў у мінулым годзе дасягнуў больш за 127%. Шмат увагі надаецца і прыватнаму бізнэсу.

У 2017 годзе была забяспечана станоўчая дынаміка вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый у Рэспубліцы Беларусь – 104,1% да ўзроўню 2016 года. У Дзятлаўскім раёне на 4,2 тысячы тоны павялічыўся валавы збор збожжа, ураджайнасць павялічылася на 1,8 цэнтнера з гектара. Добрыя вынікі дасягнуты ў раслінаводстве. Выручка прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна ў 2017 годзе павялічылася на 11,6%, а рэнтабельнасць продажаў склала 4,5%.

У мэтах павышэння ўзроўню і якасці жыцця ветэранаў, адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў рэалізуюцца мерапрыемствы падпраграмы «Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і пажылых грамадзян». Сацыяльныя паслугі грамадзянам і сем’ям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, прадастаўляюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у тым ліку і Дзятлаўскі раён.

Арганізацыя ў Рэспубліцы Беларусь медыцынскай дапамогі сельскім жыхарам складаецца ў этапнасці медыцынскага забеспячэння сельскага насельніцтва. У прыярытэтным парадку забяспечваецца ўкамплектаванне спецыялістамі амбулаторна-паліклінічнай службы ў сельскай мясцовасці. На 1 студзеня 2018 года паказчык укамплектаванасці медыцынскімі кадрамі па занятых пасадах склаў 96,7%.

У нашай краіне надаецца шмат увагі і спорту. Усяго ў рэспубліцы 22,8 тысячы спартыўных збудаванняў. У сельскіх населеных пунктах налічваецца 7962 фізкультурна-спартыўныя аб’екты. Для правядзення фізкультурна-аздараўленчай работы ў Дзятлаўскім раёне ёсць неабходная спартыўная база – 144 спартыўныя збудаванні, 82,6% з іх знаходзяцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага раёна. На працягу 2016-2017 гадоў у рэспубліцы рэалізаваны праект ЕС «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі», які ахопліваў і Аўгустоўскі канал у Гродзенскай вобласці.

Па стане на 1 студзеня 2018 года ў Рэспубліцы Беларусь налічвалася 2319 суб’ектаў аграэкатурызму.

У Беларусі функцыянуе больш за 3,5 тысячы ўстановаў дашкольнай адукацыі, каля 3 тысяч – установаў агульнай сярэдняй адукацыі. У сувязі з працэсамі аптымізацыі арганізаваны падвоз вучняў да месца навучання. У Дзятлаўскім раёне на падвоз навучэнцаў выдзелена 9 транспартных сродкаў. Створаны ўмовы, якія спрыяюць павышэнню якасці адукацыі. Напрыклад, у нашым раёне колькасць школьнікаў, якія скончылі навучальны год на 5-10 балаў, вырас з 79% па выніках 2012-2013 навучальнага года да 81% па выніках 2016-2017 навучальнага года. Павялічылася і колькасць медалістаў, каля 60% выпускнікоў школ паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку на 3,1% вырасла колькасць тых, хто паступае на бюджэтную форму навучання.

Культурнае жыццё таксама мае станоўчую дынаміку. Артысты Дзятлаўскага раёна прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Павялічылася колькасць узорных калектываў.

На Адзіным дні інфармавання прагучалі некаторыя напрамкі развіцця рэгіёнаў Беларусі на 2018 год.

Так, у бягучым годзе ў эканоміку краіны плануецца прыцягнуць не менш за 1,4 мільярда долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Што тычыцца Дзятлаўскага раёна, то плануецца будаўніцтва пажарнага дэпо з прыцягненнем 3 мільёнаў 800 тысяч рублёў і рэканструкцыя лячэбнага комплексу філіяла “Санаторый «Радон» з прыцягненнем 2 мільёнаў 300 тысяч рублёў.

На ўзроўні рэспублікі плануецца працаўладкаваць не менш за 70 тысяч чалавек на новаствораныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў. У Дзятлаўскім раёне каля 500 беспрацоўных атрымаюць работу.

Будуць прымацца меры па вырашэнні праблемных пытанняў, звязаных з дзейнасцю прыватных перавозчыкаў, згодна з патрабаваннямі абноўленага Закона аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках.

Маршрутную сетку ў рэгіёнах фарміраваць будуць аператары перавозак. Гэта абсалютна незалежныя суб’екты гаспадарання, якія ў працы той ці іншай кампаніі на маршруце не зацікаўленыя.

У бягучым годзе плануецца правядзенне розных мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, у тым ліку ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Тэматыцы года сугучная ідэя традыцыйнага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое ў 2018 годзе пройдзе з 7 па 8 ліпеня.

Пасля абмеркавання першага пытання пра Год малой радзімы перайшлі да наступных.

Начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Біль расказаў, што ў Дзятлаўскім раёне не вельмі распаўсюджана праблема наркаманіі ў параўнанні з паказчыкамі іншых рэгіёнаў краіны. Але праблемы наркаспажывання і нарказлачыннасці дастаткова вострыя. У Беларусі выпрацоўваецца сістэма, якая ўключае ў сябе комплекс мер па прафілактыцы наркаманіі і рэабілітацыі нарказалежных асобаў.

У параўнанні з 2014 годам, колькасць злачынстваў цяпер у Беларусі знізілася амаль у 2 разы. Па выніках 2017 года ў Гродзенскай вобласці было здзейснена больш за 460 злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. У Дзятлаўскім раёне было выяўлена 2 злачынствы. Больш за 40 злачынстваў у вобласці выяўлена ўжо за 2 месяцы бягучага года.

Апошнім узяў слова начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Нячаеў. Ён расказаў прысутным пра пажары на тэрыторыі краіны –  іх у мінулым годзе было 1328. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна адбылося 5 пажараў, ніхто з людзей не загінуў. Уладзімір Нячаеў нагадаў, што за ілжывы выклік МНС належыць штраф у памеры 980 рублёў, парэкамендаваў не парушаць тэхніку бяспекі. Таксама ён заклікаў да захавання мер грамадскай і асабістай бяспекі ў паводкавы перыяд.

Тэкст і фота Юліі БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *