Плацім штрафы па-новаму

Здарэнні і бяспека

З 31 студзеня ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія датычацца адказнасці аўтааматараў за некаторыя парушэнні. Цяпер за паўторнае на працягу года ваджэнне аўтамабіля без права кіравання ім прадугледжаны адміністрацыйны арышт – да 15 сутак. Падобныя справы будуць разглядаць суды.

Яшчэ адно новаўвядзенне датычыцца афармлення дарожна-транспартнага здарэння: калі ёсць толькі механічныя пашкоджанні транспартных сродкаў або пашкоджанні маёмасці, вадзіцель будзе адказваць за парушэнне канкрэтных пунктаў Правілаў дарожнага руху, якія сталі прычынай аварыі. Дарэчы, пры складанні ўдзельнікамі дарожна-транспартнага здарэння “еўрапратаколаў” яны не будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама адменена працэдура адабрання талона да вадзіцельскага пасведчання пры накладанні штрафу.

Акрамя гэтага, аўтамабілістаў не будуць штрафаваць за забытыя дакументы. Раней штраф складаў ад 0,1 да 2 базавых велічыняў, а цяпер вадзіцеля могуць пакараць па артыкуле “Іншыя парушэнні”. А гэта папярэджанне або штраф у памеры да 0,5 базавай велічыні.

Павялічыліся тэрміны ўплаты штрафаў: калі іх выдаюць супрацоўнікі ДАІ на месцы, можна заплаціць у тэрмін ад пяці дзён да месяца. Няўплата або пропуск тэрмінаў спагнання прывядуць да аўтаматычнага павелічэння сумы на 2 базавыя велічыні.

Святлана ГРЫШЫНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *