Лёгкая здабыча для злодзея

Здарэнні і бяспека

Пасля адбыцця пакарання грамадзянін Б. адпаведных высноваў для сябе не зрабіў і не стаў на шлях выпраўлення. Ва ўмовах непагашанай і нязнятай судзімасці Б. зноў учыніў наўмысныя злачынствы.

У вёсцы Яцвезь ён зайшоў на адзін з падворкаў, на ўваходных дзвярах гаспадарчай пабудовы сарваў цвік, увайшоў і скраў бензапілу “Stihl MS-180”. Затым зазірнуў у незачыненую металічную канструкцыю, адкуль вынес два алюмініевыя чыгуны.

Ён жа паўторна шляхам свабоднага доступу скраў чыгунную ванну ў адным з дамоў вёскі Агароднікі.

Наўмысныя дзеянні грамадзяніна Б. кваліфікаваны як “крадзеж, учынены паўторна”. Злодзей будзе пакараны.

Супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта нагадваюць жыхарам Дзятлаўшчыны, што варта больш увагі надаваць захаванасці асабістай маёмасці. Адсутнасць замкоў на гаспадарчых пабудовах, кепская іх умацаванасць, робіць маёмасць лёгкай здабычай для злодзея. Добрымі памочнікамі ў папярэджанні і раскрыцці падобных злачынстваў могуць стаць уважлівыя суседзі і аднавяскоўцы. Калі вы бачыце ў вашым населеным пункце незнаёмых падазроных людзей, паведамляйце аб гэтым у міліцыю.

Максім ЛІТАВАР,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *