Ільготы для бізнэсу ў сельскай мясцовасці

Эканоміка і сельская гаспадарка

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.09.2017 года №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання» (далей – Указ) дае шэраг ільгот, накіраваных на развіццё бізнэсу ў сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчах.

Указам №345 з 1 студзеня 2018 года па 31 снежня 2022 года ўстаноўлены дадатковыя падатковыя льготы:

для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць наступныя віды дзейнасці на тэрыторыі сельскай мясцовасці (далей – дзейнасць на тэрыторыі сельскай мясцовасці):

— рознічны гандаль у гандлёвых аб’ектах;

— рознічны гандаль на гандлёвых месцах на рынках;

— рознічны гандаль на кірмашах;

— грамадскае харчаванне ў аб’ектах грамадскага харчавання;

— аказанне бытавых паслуг;

для мікраарганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў (далей — дзейнасць на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў):

— грамадскае харчаванне ў аб’ектах грамадскага харчавання;

— аказанне бытавых паслуг.

Пералік бытавых паслуг для ІП-плацельшчыкаў адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асобаў (далей – адзiны падатак) вызначаны Указам. Астатнія арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі карыстаюцца пералікам відаў бытавых паслуг, якія ўключаны ў дзяржаўны інфармацыйны рэсурс «Рэестр бытавых паслуг».

Населеныя пункты і тэрыторыі па-за імі, дзе арганізацыі і ІП могуць скарыстацца падатковымі льготамі, вызначаюцца рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў. Рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ад 20.11.2017 года №296 да тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў аднесена тэрыторыя горада Дзятлава і гарадскога пасёлка Наваельня, астатняя тэрыторыя Дзятлаўскага раёна аднесена да тэрыторыі сельскай мясцовасці.

Пры ажыццяўленні дзейнасці, на якую распаўсюджваецца льгота, у гэтых населеных пунктах і на тэрыторыі па-за імі з 01.01.2018 года па 31.12.2022 года:

— арганізацыі і ІП вызваляюцца ад падатку на дабаўлены кошт (ПДК) у частцы абаротаў ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) ад дзейнасці, на якую распаўсюджваецца льгота;

— арганізацыі вылічваюць і выплачваюць падатак на прыбытак па стаўцы 6% у частцы ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), атрыманага ад дзейнасці, на якую распаўсюджваецца льгота;

— ІП-плацельшчыкі падаходнага падатку вылічваюць дадзены падатак па стаўцы 6% ад даходаў, атрыманых ад дзейнасці, на якую распаўсюджваецца льгота, і паменшаных на суму падатковых вылікаў;

— стаўка адзінага падатку для ІП-плацельшчыкаў складае адну базавую велічыню ў месяц. Памер базавай велічыні бярэцца на дату прадастаўлення падатковай дэкларацыі ў падатковы орган.

Для карыстання льготамі неабходна весці асобны ўлік абаротаў па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) на названай тэрыторыі. Для прымянення льготнай стаўкі па падатку на прыбытак і падаходным падатку таксама неабходны асобны ўлік расходаў па вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг).

Па рэштках тавараў на дату, з якой абароты па рэалізацыі вызваляюцца ад падатку на дабаўлены кошт, сумы «ўваходнага» ПДК не падлягаюць вылiку. Калі ён зроблены раней, трэба аднавіць падатковыя вылікі. Плацельшчыкі ПДК, якія  скарысталіся правам вызвалення ад ПДК, падатковыя вылікі размяркоўваюць метадам паасобнага ўліку.

Выручка ад рэалізацыі, атрыманая ад названай дзейнасці, вызваляецца ад даплаты адзінага падатку.

У перыяд з 01.01.2018 года па 31.12.2022 года ад падатку на нерухомасць вызваляюцца:

—  капітальныя пабудовы (або іх часткі), якія размешчаны ў сельскай мясцовасці і з’яўляюцца гандлёвымі аб’ектамі, аб’ектамі грамадскага харчавання або бытавога абслугоўвання;

—  капітальныя пабудовы (або іх часткі), якія размешчаны на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў і з’яўляюцца гандлёвымі аб’ектамі, аб’ектамі грамадскага харчавання або бытавога абслугоўвання.

Зямельныя ўчасткі дзяржаўнай уласнасці, якія знаходзяцца пад гэтымі капітальнымі будынкамі, вызваляюцца ад зямельнага падатку, арэнднай платы.

Вызваленне ад выплаты падатку прымяняецца пры ўмове ажыццяўлення ў гэтых капітальных збудаваннях у каляндарным месяцы дзейнасці, на якую распаўсюджваецца льгота. Для вызвалення ад уплаты падатку не мае значэння мэтавае выкарыстанне або невыкарыстанне астатняй часткі капітальных будынкаў, якая не занята гандлёвымі аб’ектамі, аб’ектамі грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання.

Дзеянне указа не распаўсюджваецца:

— на рознічны гандаль аўтамабільным палівам, механічнымі транспартнымі сродкамі, самаходнымі машынамі, прычэпамі, ювелірнымі і іншымі бытавымі вырабамі з каштоўных металаў і каштоўных камянёў;

— на аказанне бытавых паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтатранспартных сродкаў.

Таццяна КАСЦЮКЕВIЧ,
намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Дзятлаўскім раёне

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *