Выбаркамы пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты могуць прабачыць ім хібы ў дакументах

Улада

Выбаркамы пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў могуць прабачыць ім хібы ў пададзеных дакументах, калі гэтыя недахопы не з’яўляюцца значнымі, паведаміла сёння старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Лідзія Ярмошына нагадала, што цяпер (да 18 студзеня) камісіі правяраюць пададзеныя патэнцыяльнымі кандыдатамі ў дэпутаты дакументы, на падставе чаго будуць прымацца рашэнні аб рэгістрацыі. Прычым размова ідзе не толькі аб дэкларацыі аб даходах і маёмасці, але таксама аб дакументах, якія пацвярджаюць правамернасць сходу працоўнага калектыву (калі вылучэнне праходзіла такім спосабам). Праверцы падлягаюць і подпісы, якія ўдалося сабраць у час пікетаў, сустракаючыся з выбаршчыкамі. Акрамя таго, вывучаецца інфармацыя асабістага характару, паколькі, згодна з беларускім заканадаўствам, кандыдатам у дэпутаты не можа быць зарэгістравана асоба, якая мае непагашаную судзімасць.

Між тым старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што выбаркамы маюць права прабачыць жадаючым балаціравацца на дэпутацкую пасаду нязначныя хібы ў прадстаўленых для рэгістрацыі дакументах. Дробныя тэхнічныя памылкі можа змяшчаць дэкларацыя аб даходах і маёмасці. Напрыклад, калі кандыдат памыліўся менш як на 20 працэнтаў, вызначаючы свой гадавы даход. Або не пазначыў сваё прадпрыемства (долю ў ім), у той час як гэта прадпрыемства знаходзіцца на стадыі ліквідацыі.

У пакеце дакументаў, прадстаўленых у выбаркамы розных узроўняў, могуць быць і іншыя хібы. «Магчыма, падаючы заявы аб рэгістрацыі, кандыдат забыў пазначыць дату, пазначыў толькі месяц. Я думаю, што камісія не павінна звяртаць на гэта ўвагу. І нават калі былі нейкія сігналы, што ў ходзе збору подпісаў раздавалася друкаваная прадукцыя, гэта таксама (калі не прымяняліся меры ўздзеяння) не з’яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі», — заўважыла Лідзія Ярмошына.

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання назначаны ў Беларусі на 18 лютага. Увогуле паміж удзельнікамі кампаніі будзе размеркавана крыху больш за 18 тыс. мандатаў.

На папярэдніх мясцовых выбарах у 2014 годзе кандыдатамі ў дэпутаты ў Беларусі былі вылучаны 22,7 тыс. чалавек.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *