Мужчынам – служыць, бацькам – не хвалявацца

Падзеі

Вясновы прызыў 2018-га стартуе ў лютым, а ўжо ў маі прызыўнікоў будуць адпраўляць у воінскія часці Беларусі.

Пра тое, як праходзіць прызыўная кампанія, расказаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:

— Кожны прызыў пачынаецца ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта, дзе гаворыцца пра тэрміны правядзення прызыву, хто падлягае тэрміновай ваеннай службе. На падставе ўказа мясцовыя выканаўчыя органы прымаюць рашэнне аб прызыве ў армію.

Усе мерапрыемствы ваеннага прызыву праводзiць раённы выканаўчы камітэт. З выхадам указа Прэзідэнта райвыканкам прымае рашэнне об прызыве і стварэнні прызыўной камісіі, потым — медыцынскі агляд, пасяджэнне прызыўной камісіі. На пасяджэнні да кожнага прызыўніка даводзіцца рашэнне камісіі. Калі па стане здароўя прызыўнік прыдатны на тэрміновую ваенную службу і не мае права на адтэрміноўку, то наступным этапам з’яўляецца накіраванне прызыўніка ў адпаведную вайсковую часць.

Пры размеркаванні па вайсковых часцях улічваецца не толькі фізічнае здароўе будучага салдата, але і яго маральна-псіхалагічны стан. Калі ён, да прыкладу, не гатовы служыць ва ўнутраных войсках, то яго туды не накіруюць.

Прызыўнік можа быць прызнаны непрыгодным да ваеннай службы ў мірны час. У такім выпадку ён пераводзіцца ў запас ваеннаабавязаных. Калі ён нягодны часова, то ўстанаўліваецца тэрмін, на які прызыўнік прызнаецца часова нягодным, і на гэты перыяд прадастаўляецца права на адтэрміноўку.

У перыяд тэрміновай ваеннай службы не залічваюцца:

тэрмін адбыцця пакарання ў выглядзе арышту;

тэрмін утрымання на гаўптвахце;

тэрмін самавольнага пакідання воінскай часці або месца ваеннай службы незалежна ад прычын пакідання.

Выконваць свой канстытуцыйны абавязак павінен кожны мужчына. Важна, што цяпер боегатоўныя і баяздольныя Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца, перш за ўсё, не інструментам вядзення вайны, а найважнейшым сродкам яе прадухілення. Ці развіты дух патрыятызму ў моладзі?

— Лічу, што многае ідзе з сям’і, таму часта прыходжу на бацькоўскія сходы ў школы і праводжу гутаркі як з дзецьмі, так і з дарослымі пра тое, наколькі важна любіць Радзіму, выконваць перад ёй свой абавязак. Тлумачу, што служба ў арміі ідзе салдатам толькі на карысць. Калі размаўляю з бацькамі, то яны ўсе адразу разумеюць. З мамамі складаней, таму што яны вельмі перажываюць і перадаюць свой настрой сынам, — каменціруе ваенны камісар.

Дарэчы, у школах стала больш увагі надавацца такому прадмету, як дапрызыўная падрыхтоўка.

У Дзятлаўскім раёне існуюць тры апорных класы: у сярэдняй школе №3 райцэнтра, у Казлоўшчынскай і Наваельнянскай сярэдніх школах. У гэтых класах збіраюцца навучэнцы бліжэйшых школ і навучаюцца па праграме дапрызыўнай падрыхтоўкі.

На дадзены момант вырашаецца пытанне аб перадачы Міністэрствам абароны неабходнай маёмасці для забеспячэння матэрыяльнай базы, каб у нашых школах была магчымасць вывучаць не толькі тэорыю, але і практыкавацца на ваенных макетах.

Што рабіць прызыўніку, калі ў яго ўзніклі пытанні ці нават праблемы пры праходжанні ваеннай службы? У ваенным камісарыяце ёсць інфармацыйны стэнд, дзе размешчаны кантактныя тэлефоны, па якіх можна звярнуцца з пытаннямі. Да таго ж, кожнаму прызыўніку Дзятлаўшчыны паведамляюцца працоўны і мабільны нумары ваеннага камісара раёна.

— Сітуацыі бываюць розныя, у тым ліку канфліктныя. Мне заўсёды можна патэлефанаваць, і я не застануся ўбаку. Калі, напрыклад, у вайскоўца здараюцца непрыемныя сітуацыі, ён мае поўнае права паведаміць пра гэта таксама ў міліцыю або пракуратуру, — удакладняе Генадзь Тадэвушавіч.

Па пытаннях прызыву і службы ў арміі жыхары Дзятлаўшчыны могуць звяртацца па нумарах 2-11-61 – начальнік групы прызыву на ваенную службу, 2-11-15 – ваенны камісар Дзятлаўскага раёна.

Тэкст і фота Юліі БАКУНОВІЧ

Читайте также:

Адбылося пасяджэнне раённай прызыўной камісіі

Праводзілі на службу ў армію



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *