Абмяркоўваем Дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва»

Эканоміка і сельская гаспадарка

Аксана Внук, індывідуальны прадпрымальнік па рамонце вадкакрысталічных тэлевізараў, ноўтбукаў, камп’ютараў.

— Прадпрымальнікам з’яўляюся з 2011 года. Наш бізнэс можна назваць сямейным, бо я выконваю абавязкі дырэктара і бухгалтара, мой муж — майстра па рамонце і праграміст.

Паколькі жывём у час тэхнічнага прагрэсу, тэлевізары і камп’ютары ёсць амаль у кожнага, і іх неабходна абслугоўваць, а таму кліентаў хапае. Працуем не толькі ў Дзятлаўскім, але і ў Лідскім раёне. За дзень нам звычайна паступаюць 2-3 заказы.

Нягледзячы на падпісанне прэзідэнтам Дэкрэта №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», перайсці на дзейнасць без рэгістрацыі з выплатай адзінага падатку не плануем. Для гэтага ёсць шэраг прычынаў. Па-першае, з нядаўняга часу падатак, які плацім, і так значна знізіўся. Па-другое, заяўны прынцып не прадугледжвае прыцягнення наёмных работнікаў. Па-трэцяе, працуючы як ІП, мы робім адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, тым самым ствараючы сабе пенсійныя назапашванні. Фізічныя асобы такіх адлічэнняў не робяць.

Згодна з Дэкрэтам №7, такія віды работ, як аказанне грамадзянам паслугаў па распрацоўцы вэб-сайтаў, абслугоўванні камп’ютарнага і перыферыйнага абсталявання, навучанні рабоце на персанальным камп’ютары ўвайшлі ў пералік тых, якія можна здзяйсняць без рэгістрацыі ў якасці ІП, заплаціўшы адзіны падатак. Аднак мы не чакаем сур’ёзнай канкурэнцыі з боку самазанятых асобаў. Цяпер і сярод індывідуальных прадпрымальнікаў у нас мала канкурэнтаў.

Майстры па рамонце і праграмісты з вуліцы не прыходзяць, таму мы ў гэтым сэнсе спакойныя.

Мяркуем, што і надалей у нашым сегменце паслугаў асаблівай актыўнасці не будзе. Цяпер адзначаецца праблема з добрымі спецыялістамі ў многіх сферах, а чалавек, які працуе на сябе, павінен быць сур’ёзным, граматным, надзейным, каб займець кліентаў. Людзі, якія звяртаюцца да спецыяліста, чакаюць ад яго станоўчых вынікаў работы. Старанна працуючы ў невялікім горадзе, як наш, можна стварыць сабе добрую рэпутацыю, тады людзі і без рэкламы, па рэкамендацыі знаёмых будуць звяртацца па дапамогу.

Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *