Цяперашнім часам намецілася тэндэнцыя развіцця дэцэнтралізаванага цеплазабеспячэння. У Беларусі больш за 19 тысяч бытавых катлоў, устаноўленых у жылых дамах, катэджах, магазінах, аптэках, дзіцячых садках, школах і іншых памяшканнях. Многія з іх эксплуатуюцца з парушэннем правілаў тэхнікі бяспекі. Нягледзячы на прастату эксплуатацыі і магчымасць хуткага засваення правілаў маніпуляцый з катлом, нярэдкія выпадкі выбуху. Практыка паказвае, што, калі адбываецца выбух бытавога катла, ад будынка практычна нічога не застаецца. Але самае страшнае, што пры гэтым пакутуюць людзі.
Найбольш частай прычынай выбухаў бытавых катлоў з’яўляецца перавышэнне ціску цепланосьбіта ў катлах у выніку замярзання сістэмы ацяплення і спынення цыркуляцыі вады ў ацяпляльным контуры. Замярзанне сістэмы ацяплення, як правіла, адбываецца ў паддашкавых памяшканнях пры няўцепленых або недастаткова ўцепленых пашыральных баках, у тых выпадках, калі катлы паляцца цвёрдымі відамі паліва не пастаянна або пры наяўнасці скразнякоў, якія ўздзейнічаюць на сістэму ацяплення.
Прычынай выбуху катла з’яўляецца няправільная эксплуатацыя, а менавіта:
— эксплуатацыя катла з няспраўнай сістэмай аўтаматыкі бяспекі пры адсутнасці ахоўных клапанаў і пашыральнага бачка ў сістэме ацяплення;
— эксплуатацыя катлоў з закрытымі засаўкамі на ўводным і вывадным патрубках пры адсутнасці ахоўных клапанаў;
— адсутнасць цыркуляцыі вады, што адбываецца з-за парушэння правілаў эксплуатацыі катла;
— абслугоўванне кацельнай устаноўкі персаналам, які не мае спецыяльнай падрыхтоўкі і не прайшоў навучанне ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў па ахове працы.
Такім чынам, на падставе вышэйсказанага і з мэтай прафілактыкі вытворчага траўматызму энерганагляд нагадвае:
— праектаванне і мантаж катлоў павінны рабіць спецыялізаваныя арганізацыі, якія маюць афіцыйныя ліцэнзіі на выкананне дадзеных работ;
— пасля выканання мантажных работ цеплакарыстальныя ўстаноўкі міні-кацельняў з бытавымі катламі павінны быць прад’яўлены да допуску да эксплуатацыі ў энерганагляд;
— не дапускаць у памяшканне кацельняў пабочных асобаў, а да абслугоўвання абсталявання кацельні (топачных) — персанал, які не мае спецыяльнай падрыхтоўкі і не прайшоў навучанне;
— кіраўнікам арганізацый весці жорсткі кантроль за выкананнем работнікамі працоўнай і вытворчай дысцыпліны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
Захаванне Правілаў эксплуатацыі цеплакарыстальных установак і тэхнікі бяспекі пры іх эксплуатацыі дапаможа пазбегнуць няшчасных выпадкаў і надзвычайных сітуацый пры эксплуатацыі сістэм ацяплення.
Віталь КРЫЎДА,
інспектар энерганагляду