Дабро перамагае зло і ў жыцці

Падзеі

Дзед Мароз, Снягурка, Зімушка-Зіма, Баба Яга, Лешы і Чырвоная Шапачка завіталі Ў Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці на навагодні ранішнік для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і падарылі ім сапраўдную казку.

Але напачатку павіншавалі дзяцей з Новым годам і Калядамі прадстаўнікі раённай улады і арганізацый. Ігар Кухарэвіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, пажадаў усім дзецям, якія прыйшлі на свята, здароўя, поспехаў, аптымізму, каб гэта цудоўная казка суправаджала іх на працягу ўсяго года. А іх бацькам выказаў словы ўдзячнасці за тое, што яны аддаюць часцінку цяпла дзецям.

Да пажаданняў далучыліся Наталля Белаус, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму; Алена Чайкоўская, намеснік дырэктара Дзятлаўскага раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд”; Святлана Залучан, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама; Ала Жэгалік, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

І вось казка пачалася. Баба Яга і Лешы вырашылі замесці сцежкі-дарожкі ў лесе, каб Дзед Мароз і Снягурачка не трапілі да дзяцей на свята. Але як яны ні стараліся, у іх нічога не атрымлівалася, нават адмовіліся дапамагаць у іх каварных планах Кашчэй Бессмяротны, Вадзянік, Салавей Разбойнік (які, як аказалася, адпачываў на Гаваях). А вось Чырвоная Шапачка і Зімушка-Зіма з дапамогай чароўнай палачкі, клубочка і, вядома ж, дзяцей выратавалі Дзеда Мароза і Снягурачку, бо ў казцы дабро заўсёды перамагае зло. Яшчэ больш узняўся ў дзяцей настрой, калі яны адгадвалі загадкі, гулялі, вадзілі карагоды разам з казачнымі персанажамі, і калі Дзед Мароз запаліў на навагодняй ёлачцы агні.

А якое ж навагодняе свята без падарункаў? Усе дзеці, якія, дарэчы, падрыхтаваліся і прыйшлі ў прыгожых касцюмах, расказвалі вершы, спявалі песні і за гэта атрымалі ад Дзеда Мароза цацкі і салодкія падарункі.

Ад раённага аддзялення “Беларускага дзіцячага фонду” Алена Чайкоўская з пажаданнямі, каб усе мары дзяцей збыліся, уручыла падарункі дзіцячаму дому сямейнага тыпу сям’і Шэлегаў.

Святлана Грышына
Фота Вольгі Юшкевіч



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *