Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва

Да ведама грамадзян

22 верасня 2017 года быў падпісаны Указ №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва».

Указ накіраваны на развіццё гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг у сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчах з колькасцю насельніцтва да 10 тысяч чалавек і прадугледжвае магчымасць усталявання на асобных тэрыторыях асаблівага рэжыму падаткаабкладання ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання.

Указам прадугледжваецца, што з 1 студзеня 2018 года па 31 снежня 2022 года для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія здзяйсняюць у сельскай мясцовасці рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, бытавыя паслугі, а ў малых гарадах для індывідуальных прадпрымальнікаў і мікраарганізацый, што здзяйсняюць грамадскае харчаванне і бытавыя паслугі, будуць усталяваны паніжальныя стаўкі па падатку на прыбытак (для юрыдычных асобаў) і па падаходным падатку з фізічных асобаў (для індывідуальных прадпрымальнікаў) у памеры 6 %, для індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку — стаўка ў памеры 1 базавай велічыні ў месяц.

Акрамя таго, прадугледжваецца вызваленне суб’ектаў гаспадарання ад падатку на дабаўленую вартасць, падатку на нерухомасць, зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Пад сельскай мясцовасцю ва ўказе маюцца на ўвазе населеныя пункты з колькасцю насельніцтва да 2 тысяч чалавек, пад сярэднімі і малымі гарадскімі населенымі пунктамі — колькасцю ад 2 тысяч да 10 тысяч чалавек. Пад мікраарганізацыяй — юрыдычная асоба з сярэдняй колькасцю працаўнікоў за каляндарны месяц не больш за 15 чалавек.

Дзеянне падатковых льготаў і іншых умоваў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, замацаваных у дакуменце, будзе распаўсюджвацца на населеныя пункты і тэрыторыю па-за населенымі пунктамі, вызначаныя рашэннямі абласных Саветаў дэпутатаў у тэрмін да 1 снежня 2017 года.

Паводле ўказа юрыдычныя асобы маюць права ажыццяўляць рознічны гандаль алкагольнымі напоямі ў размешчаных на тэрыторыі сельскай мясцовасці магазінах і (ці) павільёнах з гандлёвай плошчай менш за 50 кв. м, а таксама з выкарыстаннем у вёсках аўтамагазінаў незалежна ад наяўнасці ў гэтай юрыдычнай асобы магазіна і (ці) павільёна, у якіх ажыццяўляецца рознічны гандаль алкагольнымі напоямі, пры ўмове выканання ўзгодненых з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам маршруту руху аўтамагазіна і асартыментнага пераліку тавараў.

Індывідуальныя прадпрымальнікі будуць мець права ажыццяўляць рознічны гандаль алкагольнымі напоямі ў размешчаных у вёсках магазінах і (ці) павільёнах незалежна ад іх гандлёвай плошчы.

Капітальныя будынкі (пабудовы, збудаванні), ізаляваныя памяшканні, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, можна будзе адчужаць індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам для ажыццяўлення рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, аказання бытавых паслуг насельніцтву ў вёсках і (ці) у малых гарадах на платнай аснове без правядзення аўкцыёну па рыначным кошце.

Дзеянне ўказа не распаўсюджваецца на рознічны гандаль аўтамабільным палівам (дызельным палівам, аўтамабільным бензінам, газам, які выкарыстоўваецца ў якасці аўтамабільнага паліва), механічнымі транспартнымі сродкамі, самаходнымі машынамі, прычэпамі (паўпрычэпамі, прычэпамі-роспускамі), ювелірнымі і іншымі бытавымі вырабамі з каштоўных металаў і каштоўных камянёў, а таксама на аказанне бытавых паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтатранспартных сродкаў.

А. ЮШКЕВІЧ,
галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *