Любімая праца на ўсё жыццё

Падзеі

Адзін мудрэц сказаў: «Настаўнік — гэта ахвярная прафесія». Сапраўды, не кожнаму чалавеку, які мае дыплом педагога, пад сілу гэта праца. Некаторыя, не вытрымаўшы яе складанасцяў, ідуць у іншую прафесію. Але большасць, наадварот, не можа расстацца са школай, не ўяўляе сябе без школьнага гоману, цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дораць педагогу сапраўдны стымул да творчасці і самаразвіцця.

Цёплыя словы варта сказаць пра былую настаўніцу і сацыяльнага педагога сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, якая сорак гадоў жыцця прысвяціла любімай справе і сёння лічыць сябе шчаслівай, бо рэалізавалася ў прафесіі. Гэта — Яўгенія Яўгенаўна Конюх.

Нарадзілася Яўгенія Яўгенаўна ў вёсцы Малахавічы Гродзенскага раёна ў 1957 годзе. Скончыўшы васьмігадовую школу, паступіла ў Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць «выкладанне працы і чарчэння». Яўгенія Яўгенаўна з дзяцінства любіла маляваць, асабліва пейзажы. У 1976 годзе яе захапленне спатрэбілася, бо маладая настаўніца прыехала на Дзятлаўшчыну выкладаць маляванне, працоўнае навучанне і чарчэнне ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава. У гэтай установе праходзіла яе прафесійнае станаўленне.

— Мне пашанцавала, бо побач аказаліся мудрыя педагогі, выдатны калектыў. Заўсёды з удзячнасцю ўзгадваю Яўгенію Рыгораўну Савань, якая добрымі словамі і карыснымі парадамі падтрымлівала маладых настаўнікаў. Дзякуючы падтрымцы, прыходзіла ўпэўненасць ва ўласных сілах, хацелася працаваць.

У 1988 годзе Яўгенія Яўгенаўна Конюх з шэрагам сваіх калегаў-настаўнікаў была пераведзена ў сярэднюю школу №3 горада Дзятлава, якая тады адкрылася. Лічыць, што і тут ёй пашанцавала з педагагічным калектывам, у якім было камфортна і ўтульна працаваць.

Але на дасягнутым Яўгенія Яўгенаўна не спынялася. Варта зазначыць, што захаплялася яна не толькі маляваннем, але і мастацкай літаратурай. Настаўніца была ўлюбёная ў кнігі Льва Мікалаевіча Талстога, марыла дзяліцца сваімі думкамі і ўражаннямі ад прачытанага з дзецьмі. Павольна і ўпэўнена ішла Яўгенія Яўгенаўна да сваёй мэты. Каб рэалізаваць яе, паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на завочнае аддзяленне, дзе атрымала спецыяльнасць «руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура». З 2002 па 2008 гады па сумяшчальніцтве працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. З 2002 года з’яўлялася сацыяльным педагогам сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Яўгенія Яўгенаўна Конюх — шчаслівая матуля і бабуля. Абодва яе сыны — Уладзімір і Андрэй — атрымалі вышэйшую адукацыю, працуюць інжынерамі на прадпрыемствах, стварылі сем’і.

Я часта бачу Яўгенію Яўгенаўну, калі яна гуляе з унукамі, якіх у былой настаўніцы два. Узгадваю і сябе ў дзяцінстве, свой 6 клас. Менавіта тады я пазнаёмілася з Яўгеніяй Яўгенаўнай, якая на працягу чатырох гадоў была нашым класным кіраўніком. Добра памятаю ўрокі працоўнага навучання: першыя мае вышыўкі, звязаны яркі шалік, прыгожы фартух, пашыты для матулі, — усяму гэтаму мяне навучыла Яўгенія Яўгенаўна.

— Мне пашанацавала ў жыцці. Я люблю сваю прафесію. Я ўсё жыццё займалася сваёй любімай справай, і побач былі выдатныя калегі і вучні. Я вучыла і вучылася, і ні разу не пашкадавала, што стала педагогам, — рахункуе перажытае Яўгенія Яўгенаўна Конюх. Сёлета настаўніца святкуе свой юбілейны дзень нараджэння. Былыя калегі і вучні жадаюць ёй і надалей не губляць аптымізму і радавацца жыццю.

С. УРБАН,
настаўніца сярэдняй школы №3 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *