Беларусі трэба на ўвесь голас заяўляць аб сабе на сусветнай арэне

Падзеі

11 ліпеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе.

«Сучасны этап развіцця беларускай дзяржавы патрабуе выбудоўваць нашу знешнепалітычную і знешнеэканамічную дзейнасць па-новаму — больш маштабна і наступальна. Лічу, што надышоў час, калі нам трэба на ўвесь голас заяўляць аб сабе на сусветнай арэне. Больш актыўна пашыраць і абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. І не дзеля нейкіх амбіцый, а дзеля таго, каб умацаваць нашу суверэнную і незалежную дзяржаву. Як палітычна, так і эканамічна. Перш за ўсё, эканамічна», — заявіў кіраўнік дзяржавы на нарадзе.

Прэзідэнт адзначыў, што эфектыўнае ўзаемадзеянне Беларусі са знешнім светам — поле дзейнасці не толькі Міністэрства замежных спраў. «Гэта задача ўсіх тут прысутных: Прэзідэнта, парламента, урада, міністэрстваў і ведамстваў, мясцовай выканаўчай улады, суб’ектаў гаспадарання. Прычым па ўсіх напрамках: палітычным, эканамічным, гуманітарным, у сферах бяспекі, культуры, адукацыі, спорту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі якая-небудзь з нашых структур не можа знасці сваё месца ў гэтай рабоце, значыць, вызначаны няправільныя прыярытэты. Без прасоўвання сваіх праектаў за мяжу сёння не выйсці на маштабнае развіццё. Калі няма праектаў, то няма эфектыўнай работы!» — лічыць беларускі лідар.

Гаворачы аб павышэнні ролі Беларусі ў сусветнай палітыцы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе падставы для гэтага ў краіны ёсць.

«Так, для большай часткі свету мы маладая суверэнная дзяржава. Але працэс фарміравання нашай дзяржаўнасці налічвае не адно стагоддзе. Дзяржаўныя ўтварэнні, пераемніцай якіх з’яўляецца суверэнная Беларусь, былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі падзей, што адбываюцца ў нашым рэгіёне. А часам і тон задавалі. Таму пэўны гістарычны вопыт актыўнай знешняй палітыкі ў нас ёсць», — сказаў беларускі лідар. «І не толькі ў нас, існуючы ўнутры гэты вопыт. Мы ж не ізаляваны ад іншых дзяржаў. І ў гэтым плане ёсць у каго вучыцца», — дадаў Прэзідэнт.

«Сёння дзеля ўмацавання аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнёраў і надзейных саюзнікаў. Не сварыцца, не канфліктаваць, а дружыць з усімі. Прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі. Наладжваць кантакты трэба ўсюды, каб нас ведалі, разумелі і ў выніку прымалі. Толькі тады з упэўненасцю можна разлічваць на ўстанаўленне ўзаемавыгадных адносін», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі курс Беларусь ужо даўно і паспяхова ажыццяўляе на практыцы. «Шматвектарнасць — адзін з важнейшых прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі — стала бясспрэчным здзейсненым фактам», — падкрэсліў беларускі лідар.

Што датычыцца ўсходняга вектара, то тут вызначаны выразныя арыенціры і падыходы ў рабоце. «Стратэгічным саюзнікам нашай краіны была, ёсць і застанецца Расія. Мы праводзім узгодненую лінію ў знешняй палітыцы і ў сферы бяспекі. Паспяхова вырашаем комплекс сацыяльна-гуманітарных пытанняў», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што ў выключна кароткія тэрміны Беларусь са сваімі партнёрамі рэалізавала праект стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза — аднаго з найбольш маштабных інтэграцыйных аб’яднанняў апошняга часу.

Практычнае напаўненне таксама атрымлівае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем.

«І па заходнім вектары ёсць канструктыўныя зрухі. Пройдзены няпросты шлях па нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Паступова нарошчваюцца тэмпы развіцця супрацоўніцтва з ЗША», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін вектар, прадоўжыў Прэзідэнт, гэта актыўны пошук новых партнёраў і пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі краінамі далёкай дугі на ўсіх кантынентах.

«У выніку такой шматвектарнай палітыкі мы дабіліся новага ўспрымання нашай краіны ў свеце — як незалежнай, міралюбівай дзяржавы, своеасаблівага донара бяспекі ў рэгіёне. Беларусь з’яўляецца ініцыятарам і суаўтарам розных ініцыятыў на такіх важнейшых міжнародных пляцоўкай, як ААН, АБСЕ, у іншых не менш значных і аўтарытэтных рэгіянальных арганізацыях», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *