Прафесія — «мама»

Падзеі

Дзеці — будучыня нашай краіны. І вельмі важна, у якім асяроддзі яны растуць, якія нормы маралі і паводзінаў спасцігаюць. На жаль, у Беларусі ёсць дзеці, якія па волі лёсу сталі сіротамі (у некаторых бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, у іншых — рана загінулі, ад некаторых — адмовіліся пасля нараджэння). Ад нас залежыць, якімі вырастуць гэтыя дзеці.

Прыярытэтным накірункам дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі па паляпшэнні становішча дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца абарона іх правоў і інтарэсаў, паўнацэнная рэабілітацыя, сацыялізацыя і паспяховая інтэграцыя ў грамадства. У якасці адной з мераў, якая дазваляе рэалізаваць дзяржаўную палітыку, выступае развіццё інстытута замяшчальных сем’яў.

Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і існуюць розныя формы замяшчальных сем’яў, а прафесія прыёмнай маці і прыёмнага бацькі не менш пачэсная, чым прафесія педагога або выхавальніка ў дзіцячым садку, ці работніка дзіцячага дома. Стаць прыёмнымі бацькамі могуць людзі, якія шчыра любяць дзяцей і гатовы падарыць шчаслівае дзяцінства маленькаму чалавеку, якому не пашанцавала ў жыцці, які застаўся адзін без любові і падтрымкі дарослых і марыць расці ў сям’і.

Гадаваць і выхоўваць дзяцей — справа няпростая. А адкрыць сваё сэрца для чужога дзіцяці, стаць яму памочнікам у жыцці, прыняць такім, якое яно ёсць, — спраўдны подзвіг.

Калі вы рашыліся ўзяць на выхаванне дзіця, то павінны ведаць, што будзе нялёгка, бо кожнае дзіця — гэта індывідуальнасць, шматгранная і неадназначная асоба. І ў кожнага (выключэнне — немаўляты) за плячыма вялікі багаж мінулага — недаверу, болю, крыўдаў, няўпэўненасці у сваіх сілах.

Але будзе ісці час, і вы абавязкова адчуеце шчасце і радасць ад таго, што для гэтай малечы сталі самым родным і блізкім чалавекам. І тады ніякія перашкоды вам не страшныя, бо вы — сям’я.

Для дзяцей, якія гадаваліся ў дзіцячым доме востра стаіць пытанне сацыялізацыі. Многія з іх рана ці позна здаюцца і паўтараюць лёсы біялагічных бацькоў. Тыя ж, хто вырас у сям’і, з татамі і мамамі, бабулямі і дзядулямі, сярод сяброў у дзіцячых садах і школах, у большасці сваёй становяцца паспяховымі. І няхай не ўсе з іх атрымаюць вышэйшую адукацыю, галоўнае, што ў іх ёсць шанц стаць годнымі людзьмі, клапатлівымі бацькамі, бо перад вачамі ёсць станоўчы прыклад замяшчальнай сям’і, ёсць на каго раўняцца.

Выдатна, што на Дзятлаўшчыне ёсць людзі, якія жадаюць на прафесійнай аснове дапамагчы дзецям-сіротам, прымаючы іх у свае сем’і. Кожны дзень дзіцяці, прыжыты ў сям’і — вялікі набытак, бо толькі ў сем’ях дзеці вучацца жыццю і законам сям’і, як аптымальнага спосабу чалавечага існавання. Ды і чужое дзіця вельмі хутка становіцца сваім для прыёмных бацькоў. Яно, як прывітая галінка на дрэве сям’і, падрасце, падужэе, дасць добрыя плады.

Для таго, каб стаць прыёмнымі бацькамі, неабавязкова мець вышэйшую адукацыю, ды і няма ў нашай краіне таго тэхнікума ці ВНУ, якія вучаць прафесіям «прыёмная мама», «прыёмны тата». Галоўнае, каб вы былі добрымі людзьмі, любілі дзяцей.

Калі вы разглядаеце магчымась прыняць дзіця на выхаванне ў сваю сям’ю, маеце прававыя падставы, каб гэта зрабіць, і жадаеце атрымаць больш падрабязную інфармацыю і кваліфікаваную дапамогу, звяртайцеся да спецыялістаў па тэлефонах: Алена Анатольеўна Чайкоўская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама — 2-23-71; Ала Аркадзьеўна Жэгалік, дырэктар дзяржаўнай установы «Сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава» — 2-71-18;

тэлефон даверу дзяржаўнай установы «Сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава» — 6-02-95.

А. ЖЭГАЛІК,

дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *