З 8 мая рэзка пахаладае

Да ведама грамадзян

Халоднае надвор’е з дажджом і мокрым снегам чакаецца ў Беларусі на наступным тыдні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў. «З 8 мая чакаецца рэзкае змяненне ўмоў надвор’я: пахаладае, прагназуюцца моцныя ападкі (дождж і мокры снег)», — сказаў сіноптык.

У нядзелю, 7 мая, атмасферны фронт з Заходняй Еўропы прынясе ноччу ў асобныя раёны, а раніцай і днём на большую частку тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах чакаюцца навальніцы, моцныя дажджы, магчымы град. Тэмпература ноччу складзе 5-12 градусаў вышэй за нуль, днём — 8-15 цяпла, па паўднёвай частцы краіны — плюс 16-23 градусы. Цыклон, які будзе перамяшчацца праз паўднёвы ўсход Беларусі, прынясе рэзкае змяненне ўмоў надвор’я: чакаецца пахаладанне.

У панядзелак, 8 мая, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, ноччу і раніцай у паўночных раёнах з мокрым снегам. У начны і ранішні час у асобных раёнах чакаюцца моцныя ападкі. Тэмпература ўначы складзе ад нуля да плюс 7 градусаў, у паўночна-заходніх раёнах — да мінус 2. Удзень — 3-10 градусаў вышэй за нуль. Па паўднёвым усходзе ноччу будзе плюс 8-11, днём — 11-14 градусаў цяпла.

У аўторак і сераду, 9 і 10 мая, ноччу ў асобных раёнах, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Таксама прагназуецца паўночны вецер, ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы галалёд. Тэмпература ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 4 градусаў, удзень — 3-10 градусаў цяпла. Такое надвор’е лічыцца вельмі халодным. Сярэднясутачная тэмпература на 7-9 градусаў адхіліцца ад нормы. Паводле папярэдніх прагнозаў, цёплае і камфортнае надвор’е прыйдзе ў Беларусь толькі ў наступныя выхадныя.
БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *