Як не стаць ахвярамі злодзеяў і махляроў

Здарэнні і бяспека

Са сродкаў масавай інфармацыі мы даведваемся аб учыненых злачынствах. Аднак многія нават не задумваюцца, што сваімі паводзінамі і адносінамі да маёмасці самі могуць справакаваць зламыснікаў. Дастаткова разгледзець некаторыя прыклады.

Як засцерагчыся ад крадзяжу?

Палова крадзяжоў з жылых дамоў учыняецца шляхам свабоднага доступу, бо пацярпелыя пакідаюць адчыненымі дзверы або вокны.

Абавязкова правярайце, ці зачынена кватэра і вокны, нават калі пакідаеце яе ненадоўга. Усталюйце надзейныя дзверы і замкі. Не хавайце ключы пад дыванком, у паштовай скрынцы, іншым даступным месцы. Не кладзіце навідавоку грошы і каштоўныя рэчы, не захоўвайце іх сярод кніг, пасцельнай бялізны. Сябруйце з суседзямі, прыглядвайце за кватэрамі адзін аднаго. Калі ад’язджаеце, прасіце суседзяў забіраць вашу пошту. Калі вы згубілі або ў вас скралі ключы, неадкладна мяняйце замкі. Пастаўце ахоўную сігналізацыю і не забывайце яе ўключаць.

Не будзьце вельмі даверлівымі, калі вы дома. Злодзеі могуць прадставіцца работнікамі розных службаў, паштальёнам. Часта яны прапануюць набыць лекі, сцвярджаюць, што хочуць вярнуць грошы або перадаць запіску суседзям, просяць паперу і аловак. Схемы падману розныя.

Цяпер зламыснікі выкарыстоўваюць Інтэрнэт, даступныя базы, каб атрымаць інфармацыю пра ахвяру, яе родных, суседзяў. Таму, калі незнаёмец стукае ў дзверы, не спяшайце іх адчыняць, даведайцеся пра мэту візіту, запатрабуйце дакументы. Калі жывяце адны, не дамаўляйцеся пра сустрэчы з малазнаёмымі ў сябе дома. Калі візіцёр прадстаўляецца спецыялістам якой-небудзь службы, кур’ерам, патэлефануйце, ці працуе ў іх такі чалавек. Калі ён адмаўляецца паказаць дакументы ці не працуе ў службе — званіце на нумар 102, назавіце прыкметы візіцёра, нумар і марку яго транспартнага сродка.

Калі ў кватэры нечакана патухла святло, не выходзьце адразу на лесвіцу — электрычнасць могуць адключыць зламыснікі.

Асцярожна: махляры

Найчасцей махляры прапануюць «танныя» тавары, якія на самой справе ў магазіне будуць каштаваць менш. Лепш не ўступайце з імі ў размову. Не згаджайцеся зняць сурокі, не набывайце з рук электраінструменты, не разменьвайце грошы. Не перадавайце свае грошы незнаёмым для дапамогі ў набыцці кватэры, машыны, будматэрыялаў, паліва, іншых рэчаў, для вырашэння праблемы аб непрыцягненні да адказнасці за парушэнне, здачы экзаменаў, іншага. Не пазычайце буйныя сумы грошай без афармлення адпаведных дакументаў.
Як засцерагчыся ад крадзяжоў у грамадскім месцы

Не кладзіце кашалькі і мабільныя тэлефоны ў вонкавыя кішэні і поліэтыленавыя пакеты. Трымайце сумку закрытай, блізка ля сябе, калі знаходзіцеся ў натоўпе. На насіце з сабой шмат наяўных грошай, не даставайце іх усе адразу. Не пішыце на банкаўскіх картках ПІН-код, не называйце яго знаёмым. Карыстаючыся банкаматам, стойце максімальна блізка да яго, каб не было відаць, калькі грошай знімаеце. Не пакідайце маёмасць і веласіпеды без нагляду. У цёмны час сутак лепш не насіце дарагія ўпрыгажэнні, прадумвайце маршрут, каб ён пралягаў праз людныя месцы. Калі ззаду хто-небудзь ідзе, рэзка памяняйце траекторыю руху. Калі «спадарожнік» не адстае, паспяшайцеся ў люднае месца. Сумку трымайце пры сабе, а ключы — у кішэні. Калі часта даводзіцца хадзіць ноччу, паклапаціцеся пра крыніцу моцнага гуку. Карыстайцеся паслугамі праверанай кампаніі таксі, не садзіцеся ў машыну да незнаёмых. Едзеце ў незнаёмае месца — папрасіце родных ці сяброў вас сустрэць. Вяртаецеся дахаты — трымайце ключы нагатове, каб хутка можна было замкнуць дзверы.
Калі вы ўсё ж сталі ахвярай злачынства, абавязкова пішыце заяву ў міліцыю. Беспакаранасць стымулюе злачынцаў да новых дзеянняў.

А. ХАРОШКА,
старшы інспектар прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *