Адбылося пасяджэнне выканаўчага камітэта

Раённыя падзеі

На чарговым пасяджэнні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта былі заслуханы справаздачы аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна за студзень-сакавік 2017 года; як выконваўся бюджэт раёна за першы квартал бягучага года; аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, сацыяльнай і працоўнай рэабілітацыі асобаў, якія маюць судзімасць.

На пасяджэнні адзначалася, што за першы квартал 2017 года ў раёне забяспечана выкананне ключавых прагнозных паказчыкаў і заданняў па экспарце тавараў і паслугаў (без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання); аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі; нарматыву суадносінаў запасаў гатовай прадукцыі ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці па арганізацыях, падпарадкаваных мясцовым Саветам дэпутатаў, выканаўчым і распарадчым органам; па колькасці працаўладкаваных грамадзян на новаствораныя працоўныя месцы за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў; па грузаабароце; па энергазберажэнні.

Разам з тым, не выкананы шэраг параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Так, за тры месяцы тэмп росту валавой прадукцыі па раёне склаў 90% пры заданні 100,3%. Даведзенае заданне па тэмпах росту валавой прадукцыі выканалі тры сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: “Слава працы”, “Войневічы”, “Хвінявічы”. За студзень-сакавік адбылося зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Між тым, рэалізацыя малака павялічылася на 1,9%, або на 196 тон. У прадпрыемстве “Хвінявічы” атрымана найбольшая прыбаўка надою малака на карову – 102 кг. Самую нізкую прадуктыўнасць дойнага статку маюць гаспадаркі “Дварэц-Агра” (537 кг) і “Белагурна” (576 кг).

За першы квартал 2017 года прамысловымі прадпрыемствамі раёна выраблена прадукцыі на суму 26015 тысяч рублёў (з улікам кошту давальніцкай сыравіны). Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 105,4% пры заданні 100%. Высокімі тэмпамі нарошчвалі аб’ём вытворчасці прадукцыі ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Не забяспечылі выкананне даведзенага задання ААТ “Наваельнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”.

За студзень-люты бягучага года па раёне ў асноўны капітал прыцягнуты 1,8 мільёна рублёў інвестыцый, што склала 67,3% да аналагічнага перыяду 2016 года.

У эканамічнай структуры расходаў бюджэту Дзятлаўскага раёна за справаздачны перыяд 95% прыйшліся на фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязацельстваў. Па функцыянальнай структуры асноўную долю ў расходах бюджэту (83,4%) займаюць расходы на сацыяльную сферу. На яе фінансаванне за першы квартал 2017 года накіравана 22,6% ад удакладненых гадавых назначэнняў.

Па рабоце суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці адзначалася, што на 1 красавіка 2017 года на тэрыторыі раёна ў параўнанні з мінулым годам павялічылася колькасць злачынстваў, якія ўчынілі асобы з нязнятай і непагашанай судзімасцю (з 17 да 22). Іх удзельная вага ў агульнай злачыннасці па завершаных крымінальных справах павялічылася з 34,7% да 44,9% . Пры гэтым, з 22 злачынстваў 20 учынілі раней асуджаныя, якія не працуюць. За справаздачны перыяд дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі: 5 раней асуджаных накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый; афіцыйныя папярэджанні ад пракурора раёна атрымалі 4 асуджаныя асобы; у райцэнтры функцыянуе і актыўна выкарыстоўваецца “крызісны пакой”.

Таксама на пасяджэнні былі заслуханы справаздачы і прыняты рашэнні аб аздараўленні дзяцей у летні перыяд на тэрыторыі раёна; зацвярджэнні статутаў дзяржаўных установаў адукацыі; выдачы пасведчанняў шматдзетным сем’ям; падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года ў Дзятлаўскім раёне.

Тэкст і фота І. КАМАРОВАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *